Шукаць рэктара для ЕГУ будзе шведскае агенцтва па падборы персаналу

Кандыдатаў на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта будзе шукаць шведскі офіс міжнароднага агенцтва па падборы кіруючага персаналу, паведамляе кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу ЕГУ Максімас Мілта. Паводле яго словаў, арганізацыя нанятая для гэтай мэты Шведскім агенцтвам міжнароднага развіцця (SIDA). Цяпер SIDA ажыццяўляе нагляд за Траставым фондам ЕГУ.

“Гэта пытанне знаходзіцца пад кантролем донараў, і працэс пошуку рэктара будзе максімальна адкрытым”, — кажа Мілта, дадаўшы, што пра тэрміны гаварыць рана.

Адказваючы на пытанне, чаму падбор кандыдатаў на пасаду рэктара будзе ажыццяўляць не ЕГУ, а іншая арганізацыя, Мілта тлумачыць, што агенцтва будзе толькі прымаць заяўкі кандыдатаў і актыўна іх шукаць. Канчатковае рашэнне наконт кандыдатуры рэктара прыме ўсеагульны сход заснавальнікаў, сярод якіх фонд “Еўразія”, фонд “Адкрытае грамадства” і Інстытут міжнароднай адукацыі.

Рэктар ЕГУ прафесар Дэвід Полік завершыць сваё знаходжанне на гэтай пасадзе ў канцы лета, паведамляе БелаПАН.

ЕГУ быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе, а ў 2004-м закрыты беларускімі ўладамі па ідэалагічных прычынах. Праз год ВНУ аднавіла працу ў Вільнюсе. З’яўляецца літоўскай ВНУ, але мае нефармальны статус беларускага ўніверсітэта ў выгнанні. Фінансуецца кааліцыяй міжнародных донараў.

У верасні 2014 года заснавальнік ЕГУ прафесар Анатоль Міхайлаў пакінуў пасаду рэктара і стаў прэзідэнтам універсітэта. Для абрання новага рэктара быў заснаваны часовы камітэт. На пасаду прэтэндавалі шэсць чалавек — трое грамадзян Беларусі і трое грамадзян ЗША. Прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці настойвалі на тым, каб рэктарам ЕГУ быў выхадзец з Беларусі, а сам універсітэт захаваў беларускі вектар развіцця. Нягледзячы на гэта, агульны сход заснавальнікаў абраў новым рэктарам ВНУ амерыканскага прафесара Дэвіда Поліка, які працаваў у ЕГУ на розных пасадах з сакавіка 2014 года.