Вы тут

Шубель назваў рэжым Лукашэнкі "рэгіянальнай пагрозай міру і стабільнасці"

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзірк Шубель 26 кастрычніка выступіў у камітэце па замежных справах Еўрапарламента. Ён нагадаў, што ўжо чатыры месяцы працуе з Бруселя, паколькі на патрабаванне ўладаў нашай краіны быў вымушаны выехаць, паведамляе БелаПАН.

Шубель назваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі "рэгіянальнай пагрозай міру і стабільнасці". Ён прыгадаў і больш за 800 прызнаных праваабаронцамі палітвязняў, і практычна штодзённыя ператрусы і затрыманні па ўсёй Беларусі, і перастрэлку, у якой загінулі айцішнік Андрэй Зельцэр і афіцэр КДБ. Таксама ён гаварыў пра зачыстку незалежных СМІ, пра ціск на журналістаў, пра ліквідацыю БАЖ, пра атаку на НДА, у тым ліку і праваабарончыя.

Дзірк Шубель лічыць, што сітуацыя ў Беларусі перастала быць унутраным канфліктам пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair у траўні 2021-га. А летам дадаўся міграцыйны крызіс, калі ўлады Беларусі арганізавалі нелегальную перапраўку мігрантаў у краіны ЕС. Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрасаюза падкрэслівае, што з аднаго боку афіцыйны Мінск узмацняе міграцыйны крызіс, а з іншага — прапануе Бруселю пачаць дыялог па праблеме міграцыі.

"Але які дыялог магчымы ў такой сітуацыі? — кажа Шубель. — Акрамя таго, дыялог павінен прапаноўвацца не нам, а найперш беларускаму народу".

Дзірк Шубель заявіў у Еўрапарламенце, што пазіцыя ЕС не змянілася. Ад уладаў Беларусі чакаюць неадкладнага вызвалення палітвязняў, поўнага спынення рэпрэсій і правядзення новых прэзідэнцкіх выбараў пад адпаведным міжнародным назіраннем. Брусель па-ранейшаму не прызнае легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.