Што Лукашэнка казаў пра мову да ўкраінскага канфлікту і пасля

Памочнік Лукашэнкі Кірыл Руды агучыў нечаканыя вынікі ліпеньскага апытання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук. Прапаноўвалася адказаць на пытанне, якія доўгатэрміновыя для краіны пагрозы (да 2030 года) яны бачаць?

"Пагроза нумар адзін — памяншэнне насельніцтва з-за нізкай нараджальнасці, адказалі 37%. На другім месцы — страта беларускай мовы…", — кажа Кірыл Руды.

Незалежныя СМІ падчас прэс-канферэнцый з кіраўніком дзяржавы падымалі пытанне мовы не адзін год! І кожны раз — "няма праблем".

"Пытанні моўныя ў нашай краіне раз і назаўсёды вырашаныя, па меншай меры, пакуль я прэзідэнт гэтай краіны. Па-другое, гэтае пытанне мы адназначна вырашылі на рэферэндуме: і я не збіраюся рабіць новаўвядзенняў. Жадаеце размаўляць на беларускай мове — размаўляйце, ніхто не перашкаджае. Хочаце на рускай мове — калі ласка, гаварыце", — сурова адказвае Лукашэнка ў 2009 годзе журналісту БелаПАН пра заняпад беларускай мовы.

Яшчэ на пачатку 2014 года намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Леў Крыштаповіч паўтарае, што праблемы няма і не можа быць:

"Пастаяннае ўкідванне ў інфармацыйную прастору гэтай праблемы з боку пэўных культуралагічных ці палітычных агентаў, што, маўляў, у нас непарадак з беларускай мовай, абсалютна не адпавядае рэчаіснасці і ментальнасці нашага народа, — кажа Крыштаповіч. — Праблемы, на якой мове размаўляць, рускай або беларускай, для нашых грамадзян не існуе".

У адсутнасці праблем “беларускага пытання” пераконвае сваіх латвійскіх калег і міністр культуры Барыс Святлоў падчас сустрэчы ў Рызе ў 2013 годзе.

“Вам нехта забараняе гаварыць у Мінску ? Гэта праблемы тых, хто не можа гаварыць па-беларуску. У нас ёсць закон аб двухмоўі. Уся рэклама ў Беларусі ідзе на беларускай мове. Таму і ніякіх перашкод няма, каб рэалізоўвалася моўная палітыка”, — кажа Святлоў.

У студзені 2014 года прэзідэнт зноў называе праблему мовы палітызаванай. У дзяржаве створаныя ўсе магчымасці для жадаючых вывучаць мову, нават прапаноўвае стварыць курсы беларускай мовы пры інстытутах і універсітэтах.

"Я абсалютна не супраць беларускай мовы. Я нават болей чым вы хачу, каб нашы людзі свабодна размаўлялі на беларускай мове. Адзінае, што я не ўспрымаю — ціск. калі пачынаеш давіць, пачынаецца адваротная рэакцыя”, — тады ж Лукашэнка заяўляе, што беларуская мова — не для рэвалюцыі.

Але ўжо падчас звароту да беларускага народа Лукашэнка агаломшвае фразай:

"Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй!"

Усяго праз месяц следам за Лукашэнкам беларускую мову падтрымлівае мітрапаліт Павел, які заяўляе, што мова павінна быць асноўнай у Беларусі. А ён сам набыў дапаможнік для вывучэння беларускай мовы.

Лукашэнка ідзе далей — падчас святкавання Дня Незалежнасці кіраўнік дзяржавы зачытвае віншаванне па-беларуску. Чытае па паперцы, але гэта выклікае рэакцыю ў грамадстве.

А ў верасні 2014 года Лукашэнка зноў гаворыць пра тое, што ў школах недастаткова вывучаецца беларуская мова.

"Добра, на рускай мове мы практычна ўсе размаўляем. Але на беларускай мове, скажам шчыра, у побыце, дома мы размаўляем менш. Дык, можа быць, трэба ў школе на карысць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не англійскай?" — кажа Аляксандр Лукашэнка.

За Лукашэнкам па-беларуску пачынаюць гаварыць Мясніковіч, а віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік заяўляе, што “будзе жахліва, калі мы страцім мову. Грамадзянін Беларусі абавязаны валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі!”.

Як заўважае Еўрарадыё заснавальнік НІСЭПД, прафесар сацыялогіі Алег Манаеў апытанне, на якое спасылаецца памочнік прэзідэнта, не адлюстроўвае настрояў беларусаў за апошнія 10 гадоў. Падобна, што апытанне адлюстроўвае канкрэтны настрой кіраўніка дзяржавы. Беларусаў жа хвалюе стан беларускай эканомікі.

“НІСЭПД праводзіць раз у квартал такія апытанні, і там ёсць пытанне пра тое, што хвалюе беларусаў. Скажу, што першае месца займаюць пытанні эканомікі. Пытанні культуры, нараджальнасці там ёсць, але яны заўсёды на самым дне. Яшчэ на пачатку 90-х пытанне культуры хвалявала беларусаў, але цяпер, і гэта тэндэнцыя ўжо гадоў дзесяць, беларусаў хвалююць пытанні эканомікі”, — кажа сацыёлаг.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі