Што чакае беларусаў пасля дэвальвацыі. Прагнозы экспертаў

У апошнія дні студзеня ў абменніках нарэшце з’явілася валюта, долары зноў можна набыць праз інтэрнэт-банкінг, а курс амерыканскай валюты нават часам крыху падае. Праўда, потым зноў вырастае. Эксперты эканамісты гавораць, што ўжо можна выдыхаць — курс больш-менш стабілізаваўся.

Рэзкай дэвальвацыі, як у снежні, не будзе.

“Вострая фаза гэтага крызісу, насамрэч, завяршылася. Яна, у прынцыпе, была звязаная з тым, што курс беларускага рубля пры мінулай мадэлі курсаўтварэння быў завышаны”, — расказвае эксперт, фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзім Іосуб. На яго думку, 15 з паловай тысяч — гэта больш-менш тое, колькі каштуе цяпер у Беларусі долар.

Эксперт нагадвае, што агулам рубель дэвальваваўся прыкладна на 50%. Гэта нават больш, чым прагназавалі некаторыя эканамісты ўвосень 2014 года. Таму можна меркаваць, што рэзкіх ваганняў курса, прынамсі ў бліжэйшыя месяцы, чакаць не варта. Можна смела расслабіцца.

Як дзейнічаюць цяпер Нацбанк і урад?

“Нацбанк заявіў пра сваю новую эканамічную палітыку, з дапамогай якой ён будзе займацца ўраўнаважаннем валютнага рынка. І там, у прынцыпе, вельмі жорсткая грашова-крэдытная палітыка. Калі атрымліваецца, што з улікам дэвальвацыі, што ўжо адбылася, практычна не плануецца павелічэнне грашовай масы на гэты год”, — расказвае іншы эканаміст, Сяргей Чалы.

Ён дадае, што кажучы простай мовай, новая палітыка фінансавых уладаў азначае ў літаральным сэнсе “зацягванне паясоў”. То бок пра рост заробкаў, пенсій і стыпендый, як гэта было пасля дэвальвацыі 2011 года, думаць не варта. Улады абралі курс на павальную эканомію і, як здаецца, намеру раздуваць новую мыльную бурбалку не маюць.

Ці будуць расці долар і еўра?

“Курсы валют будуць змяняцца, па-першае, зыходзячы з попыту і прапановы. А па-другое, зыходзячы з узаемнага вагання валют на знешніх рынках. З улікам таго, што ў свеце долар расце ў дачыненні да большасці валют, уключаючы і расійскі рубель, і еўра. І хутчэй за ўсё, гэтая тэндэнцыя ў свеце працягнецца”, — перакананы Вадзім Іосуб.

То бок долар будзе расці нягледзячы на самыя жорсткія меры беларускіх уладаў — ён расце цяпер незалежна ад слабасці ці моцы рубля. З еўра не так адназначна — курс еўрапейскай валюты зніжаецца ў дачыненні да амерыканскай, таму адносна беларускага рубля еўра калі і будзе расці, то не так заўважна, як долар.

Якім чынам улады будуць “зацягваць паясы”?

“Тут такая хітрая штука. Каб наўпрост не чапаць людзей, вырашылі прайсціся па прадпрыемствах. А потым ужо само яно атрымаецца, што не вельмі добрая праца прадпрыемстваў прывядзе да адсутнасці росту прыбыткаў у людзей. У рэальным выражэнні яны нават зменшацца. Гэта звязана, таму што фонд аплаты працы залежыць ад прадукцыйнасці. То бок прыбытковасці, падзеленай на колькасць працоўных”, — расказвае Сяргей Чалы.

Але Чалы да гэтага дадае, што мы жывем у выбарны год. Таму рашучасць Нацбанка і ўрада ў палітыцы “зацягвання паясоў” можа вельмі хутка змяніцца на цалкам адваротную. Кіраўніцтва краіны павінна мець гарантыі лагоднага волевыяўлення, якое гарантуюць высокія заробкі і пенсіі. У такім выпадку зімой-вясной 2016, на думку Чалага, нас можа чакаць паўтарэнне 2011-га.

Расслабляцца не варта — яшчэ адна хуткая дэвальвацыя таксама не выключаная

Эканаміст Леанід Заіка нагадвае пра яшчэ адну праблему — кошты ў Расіі ў пераводзе на долары па-ранейшаму застаюцца значна ніжэйшымі, чым у Беларусі. Гэта праблема:

“Цяпер самая сур’ёзная праблема — суадносіны пакупніцкай здольнасці беларускага і расійскага рубля. Таму што ў Расіі кошты ў доларавым эквіваленце нашмат ніжэйшыя, чым у Беларусі. І ў такой сітуацыі цалкам рэалістычна ва ўмовах Мытнага саюза з’яўленне рэверсіўных плыняў. То бок мяса, малако, тэлевізары, нават аўтамабілі будуць ісці з Расіі ў Беларусь, а не наадварот”, — перакананы Заіка.

Таму, на яго думку, расслабляцца зусім не варта. Рэальны курс долара, пасля якога можна на некалькі гадоў забыць пра слова “дэвальвацыя”, Заіка ацэньвае ў 22-25 тысяч рублёў.

Такім чынам, аптымізму не шмат. Варыянт першы: растуць кошты і зніжаюцца заробкі. Тады можна разлічваць на больш-менш стабільную сітуацыю на валютным рынку, павольны рост долара. Варыянт другі: растуць кошты, следам за імі заробкі. У такім выпадку вельмі вялікая верагоднасць яшчэ адной дэвальвацыі.

"Што рабіць?" — парады эканамістаў

  • Пільна сачыць за курсам расійскага рубля. Беларускі прывязаны да яго нашмат мацней, чым да падзей сярэдзіны снежня 2014 года. Моцныя ваганні курса ў Расіі неўзабаве адаб’юцца на Беларусі.
  • Трымацца долара. Калі ёсць магчымасць, вядома. Павялічваць свой асабісты золатавалютны запас сёлета будзе значна цяжэй.
  • Быць асцярожным з доўгатэрміновымі рублёвымі ўкладамі. Нават высокія працэнтныя стаўкі, як паказвае практыка, не гарантуюць захавання сродкаў у выпадку дэвальвацыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі