Што будзе з Еўропай пасля перамогі леварадыкалаў на выбарах у Грэцыі?

Паводле падлікаў 95% галасоў, леварадыкальную партыю СІРЫЗА падтрымалі 36,4% выбаршчыкаў Грэцыі. Такая колькасць галасоў прынясе пераможцам 149-150 месцаў у парламенце, але гэтага ўсё адно бракуе для самастойнага фармавання ўрада. Такім чынам, партыя мусіць будзе ствараць кааліцыю ў грэчаскім парламенце.

Разам з тым, партыя “Новая дэмакратыя”, якая цяпер кіруе ў Грэцыі, атрымала 28% галасоў і 77 мандатаў. Ультраправая партыя “Залаты світанак” становіцца трэцяй парламенцкай фракцыяй, яна атрымала 6,3%. Таксама ў парламент, відаць, трапяць цэнтрысты, камуністы і сацыялісты з ПАСОК.

У чаканні першых заяваў кіраўніка СІРЫЗА Алексіса Цыпраса брытанская Financial Times параўноўвае яго з Андрэасам Папандрэу, чыя партыя перамагла на выбарах 1981 года. Тады яго перамога цалкам павярнула тамтэйшую палітыку ў левым кірунку. У еўрапейскіх сталіцах, як і цяпер, пачалі з’яўляцца сумневы ў надзейнасці Грэцыі.

У жаданні перадусім перагледзець умовы прадстаўленай Грэцыі дапамогі ў памеры 245 млрд еўра Цыпрас вельмі нагадвае Папандрэу, які прыгразіў, што выйдзе з НАТО і тагачаснай Еўрапейскай эканамічнай супольнасці.

У выніку Папандрэу не выканаў сваіх пагрозаў. Тактыка яго паводзінаў была дзёрзкай, яго словы палалі агнём, але ў замежнай палітыцы ён прытрымліваўся прагматычных дзеянняў. Шчодрыя асігнаванні Еўропы ў сельскую гаспадарку, а затым кропкавая дапамога рэгіёнам краіны астудзілі запал і радыкалізм партыі ПАСОК, адзначае ВВС са спасылкай на Financial Times.

Еўрасаюз ужо адрэагаваў на перамогу левых радыкалаў у Грэцыі. Так, адзін з кіраўнікоў Еўрапейскага Цэнтрабанка Бенуа Кёр у інтэрв’ю газеце Handelsblatt не выключыў магчымасці зніжэння пазыковай нагрузкі Грэцыі, але падкрэсліў, што сам ЕЦБ удзельнічаць у гэтым не будзе: “Пытанне аб тым, ці мае Грэцыя патрэбу ў спісанні пазыкаў, мусіць прымаць не ЕЦБ, гэта мусіць быць палітычнае рашэнне”. 

Старшыня Еўрапейскага парламента Марцін Шульц у інтэрв’ю радыёстанцыі Deutschlandfunk адзначыў у панядзелак, што новаму ўраду Грэцыі не варта разлічваць на значныя фінансавыя саступкі з боку партнёраў па еўразоне. Але таксама выказаў сумневы, што Грэцыя выйдзе з еўразоны. 

Разам з тым Шульц не ўяўляе, як СІРЫЗА зможа выканаць усе свае папулісцкія перадвыбарныя абяцанні.

Брытанскі прэм’ер Дэвід Кэмеран таксама выказаўся наконт перамогі СІРЫЗА ў сваім твітары:

“Грэчаскія выбары павялічаць эканамічную няпэўнасць у Еўропе. Вось чаму Вялікабрытанія мусіць прытрымлівацца нашага плана, забяспечваючы бяспеку дома”.

Прэзідэнт Бундэсбанка Енс Вайдман выказаў надзею, што “новы грэчаскі ўрад не будзе даваць абяцанняў, якія ён не зможа стрымаць і якія краіна не зможа сабе дазволіць”.

Вынікі выбараў у Грэцыі, як чакаецца, стануць галоўнай тэмай на сустрэчы ў панядзелак 19-ці міністраў фінансаў краін еўразоны. Прадстаўнік Бельгіі заклікае Грэцыю паважаць правілы валютнага саюза, хоць і дадае, што ёсць магчымасці для больш гнуткага падыходу, перадае ВВС.

Рынкі адрэагавалі на вынікі выбараў у Грэцыі зніжэннем курса еўра. Так, на таргах на далёкаўсходніх біржах раніцай 26 студзеня адзіная еўрапейская валюта мела самы нізкі вынік за апошнія 11 гадоў — на некаторы час курс паніжаўся да $1,1098 за адзін еўра, адзначае агенцтва Reuters.

Тым часам, прадстаўнікі СІРЫЗА ўжо паведамілі, што склад новага кабінета міністраў будзе абвешчаны не пазней за сераду, 28 студзеня. Як паведамляе агенцтва Reuters, чакаецца, што ўжо сёння Алексіс Цыпрас будзе прыведзены да прысягі ў якасці новага прэм’ер-міністра краіны. На сёння запланаваныя сустрэчы палітыка з лідарамі некаторых маленькіх партыяў — Цыпрас мае намер заручыцца іх падтрымкай і абмеркаваць пытанні ўдзелу ва ўрадзе краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі