Школьную форму ў Беларусі шылі па парадах сына-падлетка кіраўніцы "Беллегпрама"

Пры распрацоўцы мадэляў школьнай формы "Беллегпрам" улічваў меркаванні саміх дзяцей і іх бацькоў. А таксама быў яшчэ адзін "эксклюзіўны" кансультант, пра якога старшыня дзяржаўнага канцэрна Таццяна Лугіна расказала тэлеканалу АНТ.

"Так атрымліваецца, у мяне малодшаму сыну 16 гадоў. Ён чытае ўсё, што ў гэтых усіх блогах, чатах пішуць, якое ідзе абмеркаванне. Таму я паінфармаваная абсалютна не толькі пра меркаванні", — падзялілася Лугіна. 

Яна падкрэсліла, што хаця дзеці хочуць пачувацца зручна, але яны "павінны разумець, што школа, каледж — гэта ўсё ж навучальная ўстанова, дзе нельга прыходзіць у джынсах або спартыўных штанах".

Пры гэтым кіраўніца дзяржканцэрна зноў спаслалася на сынавы кансультацыі.

"Кантактую са сваім дзіцем, у 16 гадоў ён кажа рэальныя рэчы, як гэта бачаць дзеці. Усё ўлічана, усё ўлічваецца, прапановы ёсць на любы густ", — заявіла Лугіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.