Вы тут

Школьніцу ў Круглянскім раёне забілі з рэўнасці — не пісала лісты ў турму

sk.gov.by

Непаўналетнюю дзяўчыну ў Круглянскім раёне Магілёўскай вобласці забілі з рэўнасці, інфармуе Следчы камітэт. 20-гадовага падазраванага затрымалі ў 20 кіламетрах ад месца, дзе было здзейснена забойства.

Цела 16-гадовай дзяўчыны знайшлі ўвечары 11 сакавіка ў закінутым доме ў вёсцы Хількавічы. Падазраванага знайшлі па слядах, пакінутых на снезе. У дзень трагедыі ён вызваліўся з магілёўскай турмы, дзе правёў месяц за ўхіленне ад прызыву ў войска. Са школьніцай маладога чалавека звязвалі двухгадовыя блізкія адносіны. "Паміж падазраваным і пацярпелай на глебе рэўнасці ўзнікла сварка, падчас якой ён нанёс несумяшчальныя з жыццём цялесныя пашкоджанні, ад якіх яна памерла на месцы здарэння",паведаміў тэлеканалу АНТ намеснік начальніка ўпраўлення СК па Магілёўскай вобласці Вадзім Хомчанка.

Мяркуецца, што хлопец задушыў дзяўчыну шалікам. Пасля гэтага ён збег з месца здарэння. Яго шукалі з дапамогай кінолагаў з службовымі сабакамі і затрымалі ўначы каля мяжы з Талачынскім раёнам.

"Ён быў знясілены, ляжаў у напаўпрытомным стане, таму што з месца здарэння ён збег без верхняга адзення", — распавёў начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Маскалёў.

Падазраваны сваю віну прызнаў і дае паказанні. Паводле яго слоў, на забойства яго падштурхнула крыўда — дзяўчына не пісала яму лістоў, калі ён сядзеў у турме. Хлопцу пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.