Шэнгенскія візы збіраюцца выдаваць на мяжы

Еўракамісія плануе спрасціць парадак выдачы шэнгенскіх віз, якія даюць права ўезду на тэрыторыю 22 краін. Спрашчэнне працэдуры выдачы віз звязанае з намерам ЕС развіваць сектар турызму і эканомікі. Пра гэта піша нямецкая газета Die Welt са спасылкай на прапановы камісара ЕС Коні Хедэгорд.

Калі прапановы будуць ухваленыя і пачнуць ажыццяўляцца, сённяшняя працэдура атрымання шэнгенскіх віз, як і яны самі, зменяцца карэнным чынам.

Сярод іншага Хедэгорд прапануе зняць абмежаванне на 90 дзён знаходжання па адной візе. Сёння нават маючы шэнгенскую візу на год замежнік можа знаходзіцца на тэрыторыі краін зоны толькі тры месяцы. Пасля гэтага ён павінен ануляваць старую візу і атрымаць новую. У дадатак плануецца павялічыць абмежаванне на максімальны тэрмін дзеяння шматразовай візы. Сёння ён складае тры гады і можа быць павялічаны да сямі.

Аналітык Ліберальнага клуба Яўген Прэйгерман мяркуе, што прычынай спрашчэння візавага рэжыму ЕС з’яўляецца жаданне прыцягнуць большую колькасць турыстаў а таксама неабходнасць развіваць бізнэс-кантакты. Акрамя гэтага, на думку аналітыка, мае уплыў і крытыка Еўрасаюза.

“Таксама пэўную ролю грае тое, што Еўрасаюз моцна крытыкуюць за візавую палітыку. І гэта адмоўна адбіваецца на так званай мяккай сіле, якой так ганарыцца Еўрасаюз у сваёй знешняй палітыцы”.

Сямігадовымі візамі Еўракамісія не абмяжуецца. Запланаванае скарачэнне колькасці дакументаў, неабходных для атрымання візы, магчымасць падачы дакументаў па электроннай пошце і нават атрыманне візы проста на мяжы.

Эксперт Прэйгерман мяркуе, што новаўавядзенні (калі яны будуць прынятыя) мала паўплываюць на жаданне беларусаў наведаць Еўропу. Маўляў, хто хоча гэта рабіць, робіць і цяпер.

“У пэўнай ступені планы ЕС могуць крыху спрасціць жыццё для тых, хто ездзіць у краіны шэнгенскай дамовы. Не думаю, што змены неяк кардынальна паўплываюць на колькасць беларусаў, якія захочуць выехаць за мяжу. Але вось сталым падароожнікам стане прасцей, так”.

Згодна са статыстыкай Еўракамісіі, у 2013 годзе грамадзяне Беларусі атрымалі амаль 778 тысяч шэнгенскіх віз (у 2012 — каля 700 тысяч). Гэта пятае месца ў свеце пасля Расіі, Украіны, Кітая і Турцыі. Аднак у пераліку на колькасць насельніцтва наша краіна займае цвёрдае першае месца — шэнгенскую візу за год атрымаў амаль кожны дзясяты беларус.

Падача дакументаў на візы і колькасць адмоваў.

Дынаміка росту колькасці атрыманых віз.

Колькасць атрыманых віз па іх відах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі