Шэф трэці дзень не звоніць: у злітым запісе "Мікалаўна" скардзіцца на COVID-19

Гутарку прыпісваюць Наталлі Эйсмант і Мікалаю Латышонку
Гутарку прыпісваюць Наталлі Эйсмант і Мікалаю Латышонку

"Экстрэмісцкі" тэлеграм-канал апублікаваў запіс чарговай тэлефоннай размовы. Як сцвярджаюць адміністратары канала, гутарка адбылася 22 лістапада, а яе ўдзельнікі — прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант і яго памочнік Мікалай Латышонак. Пацвердзіць сапраўднасць гэтых звестак не ўяўляецца магчымым.

Голас жанчыны, якая брала ўдзел у гэтай гутарцы, падобны да таго, які гучаў у іншым запісе: калі "Натуля" абмяркоўвала з нейкім "Дзімам" зразанне стужак у мінскіх дварах і дзве скрыні "Масандры". Еўрарадыё прыводзіць стэнаграму гутаркі "Наталлі Мікалаўны" і "Мікалая Леанідыча".

"Здаецца, што гэта... ну, вось гэта"

— Добры дзень, Мікалай Леанідавіч.

— Так, добры дзень, Наталля Мікалаўна.

— Мікалай Леанідыч, я хутка ... Э-э-э, ну і ў агульных рысах. Блін, не паспела, шчыра кажучы, па іншай сувязі, так хутка сёння інтэрнэт адключылі... А вы ўжо на... Ну, на аб'екце? На "Тытане" [з кантэксту незразумела, ці ідзе гаворка пра мінскі ГЦ "Тытан" або пра іншы аб'ект, так названы. — Еўрарадыё]?

— Ну пакуль не. Але хутка буду. Збіраюся.

— Угу.

— Я думаю, што дзесьці так, хвілін праз 20-30.

— Угу. Слухайце, я, наогул, да чаго. Проста, э-э-э, мне шэф не тэлефанаваў... Не ведаю, можа, на фоне ўсяго гэтага. Але калі што, проста, каб вы ведалі. Калі можна, я сёння ў штаб не паеду. Ну і як бы, калі будзе магчымасць, вы яму, калі ласка, пра гэта скажыце. Ну, падкажыце.

— Ну... Вядома, падкажу, калі будзе размова. Але... А... І... Пытанне ж такое. Ну, калі можна, вядома, сказаць. Калі будзе пытацца прычыну: самаадчуванне ці нейкая іншая?

— Ну-у-у... Наогул. Ну-у-у. Наогул, самаадчуванне на самай справе. Я, вядома, буду на сувязі, калі вы пра гэта, і калі раптам нейкія працоўныя пытанні, то вы набірайце. Я, ну, рэальна на сувязі буду. Пагатоў…

— Ну, мы ж там можам па горадзе перагаварыць, калі што, так?

— Ну так, так-так. Проста, ну, вядома, я сама хвалююся, што сітуацыю не буду ведаць. Ну, хоць дома хоць бы вай-фай ёсць, дык штосьці буду глядзець. І якраз хацела вас папрасіць, калі там... Гхм-гхм. Ну, падзеі, якія ў горадзе, калі... Ну, нейкія нюансы або задачы, то вы мне падказвайце. Ну а па самаадчуванні я якраз хацела вам сказаць. Я б, вядома, паехала, тым больш, блін, мне здаецца, мне тут трэба было б быць на працы, але, шчыра кажучы, увогуле не вельмі добра сябе адчуваю.

— А што ў вас там? Тэмпература і…

— Ну-у-у, тэмпература была ўчора ўвечары. Сёння ўжо няма, але, э-э-э, усё роўна.

— Пахі хоць адчуваеце?

— Пахі адчуваю. Але, як бы, пытанне ў тым, што... Карацей, мне ўсё роўна здаецца, што гэта... ну, вось гэта.

— Накрыла?

— Ну, шчыра кажучы, так, накрыла. Я штось неяк думала, што гэта з іншай нагоды, але цяпер разумею, што не, па самаадчуванні…

— Вось, гэтага нам толькі не хапала.

— Угу.
 

"Тры гадзіны мы там сядзелі, і ён увесь час без маскі"

— А як думаеце, дзе падчапілі? Можа, Гомель? [па супадзенні за два дні да меркаванага дня гутаркі ў Гомелі пабываў Аляксандр Лукашэнка разам са сваёй камандай. — Еўрарадыё].

— Ну... У Гомелі, мне здаецца, не. Я, шчыра кажучы, у Гомелі ўжо адчувала сябе не вельмі. Але, блін, вы ж разумееце, якая сітуацыя там была... Я ўжо думала, можа, на фоне ўсіх тых падзей, на стрэсе, вось ... Але-е-е... Калі шчыра, галава страшэнна проста цяжкая. Толькі гэтага не хапала... Блін, я таксама разумею, што зараз скажуць, што... Карацей, наадварот, хацелася б быць на вачах на працы. Ну і па Ігару Пятровічу [Ігарам Пятровічам завуць кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергеенку. — Еўрарадыё] вы ж ведаеце, што... Я таму і думаю, што не ў Гомелі, а яшчэ да Гомеля, на нарадзе ў аўторак, ну... дзе Макей [прозвішча Макей носіць міністр замежных спраў. — Еўрарадыё] быў, так, па знешняй палітыцы ... Ну, там жа Ігар Пятровіч быў, яму ж шэф сказаў прыйсці…

Шеф третий день не звонит: в слитой записи "Николавна" жалуется на COVID-19
На той самай нарадзе Эйсмант сядзела паміж кіраўнікамі АП і КДБ

— Ну я памятаю гэту гісторыю, так.

— Так. Вось ён жа сказаў, каб я сядзела побач там, што я прышчэпленая... "І Эйсмант з ім побач сядзе там, што яна прышчэпленая, і будзе бяспечна". А ён яшчэ, блін…

— Ну, там [неразборліва] наогул быў такі, вясёлы ў гэты час.

— Ну, быў. Дык я яшчэ прыйшла, за стол села, а ён мне кажа: як вы думаеце, можа, калі выйдзе прэса, мне маску надзець? Я засмяялася і кажу, што, ну блін, паспрабуйце, паглядзіце самі на рэакцыю. І яна ў яго была, ён нават яе з кішэні мне дастаў, паказаў, вось... А потым ужо заходзіў шэф, і ён яе проста назад у кішэню паклаў... Я не ведаю, забыўся, напэўна, потым ці проста не захацеў... Блін, я не ведаю, што гэта было, але тры гадзіны мы там сядзелі, і ён увесь час без маскі... І я сёння ўвесь час думаю, што я проста ўвесь гэты час з ім без маскі побач сядзела.

— Ну а наогул, можа быць, гэта ўсё ж не гэта, а проста там... Прастуда ці грыпанулі трошкі? Вы ж там, здаецца, рабілі нядаўна нейкія... Ну, гэта, прышчэпку.

— Не, дык я зрабіла, і другую таксама зрабіла, як трэба было... Але, гэта атрымліваецца, калі нарада была? У аўторак, па-мойму, так?

— У аўторак, так.

— У аўторак... Блін, у мяне ўжо ўсе дні пераблыталіся. Вось, у аўторак. А ў чацвер раніцай я рабіла тэст. Ну, не тэст, а гэты аналіз, як ён там называецца, на антыцелы. І потым, калі мы ўжо ехалі ў Гомель у чацвер, Ірына Сцяпанаўна [Ірынай Сцяпанаўнай завуць галоўнага доктара лечкамісіі Ірыну Абельскую. — Еўрарадыё] мне ўжо ўвечары напісала, што антыцелы ёсць, але іх наогул зусім мала. Яна мне прост пісала, што трэба быць усё роўна вельмі-вельмі акуратнай, таму што лёгка нешта падхапіць... Ну, карацей, зусім нізкія антыцелы. Дык блін, я вось думаю, як можна было быць акуратнай, калі я наогул за адзін толькі той тыдзень, напэўна, блін, тысячу разоў мела зносіны з фактычна захварэлым... Ігарам Пятровічам…

— Не ведаю... Цяпер амаль што ўсе такія.

"Тое, што раздаваць ён мог, — элементарна"

— Дык самае галоўнае, што, блін, ну вы ж ведаеце... Што цяпер у яго. Што там наогул капец. Проста, што... [яны перабіваюць адно аднаго, фрагмент дрэнна чуваць, хутчэй за ўсё — "ён наогул на апараце"].

— Так, так... Я са Сцяпанаўнай размаўляў, э-э-э... Усё даволі-такі так, не вельмі ёсць добра.

— Ну дык вось. Дай бог, каб усё было нармальна, але я разумею, што, блін, калі чалавек ужо на ШВЛ, то ў аўторак проста былі ўсе шанцы. І блін, думак мільён, не разумею наогул, што на фоне ўсёй гэтай гісторыі…

— Там у аўторак яму было быццам бы трошкі лепш, чым потым стала, на наступны дзень.

— Ну дык вось, так. Але вы можаце сабе ўявіць, якім ён мог быць…

— Так-так, тое, што раздаваць ён мог, — элементарна.

— Ну дык вось. На фоне ўсяго гэтага я цяпер наогул не разумею... І па працы, і па гэтай сітуацыі, і наогул хранова сябе адчуваю, і... Ды блін. Я проста ведаю, што шэф на гэта ўсё скажа. І яго самога... Сергеенкі ўжо месяц няма на працы, і…

— Скажуць, што саскочылі.

— Ды ўвогуле.

[смяецца] Жартую-жартую.

— Наогул не смешна. Так... У Адміністрацыі наогул незразумела што. Месяцамі людзі хварэюць, я наогул не разумею там... Хварэюць, [неразборліва, хутчэй за ўсё — "адпачываюць"]. Ай, добра, гэта ўсё потым ужо, пры сустрэчы. Не магу проста.

— Не, ну Ігар Пятровіч так, ён жа на самай справе да гэтага там ужо адчуў... Два ці нават больш тыдні проста на працу не мог хадзіць. А потым толькі выйшаў трошкі — і накрыла. І накрыла канкрэтна. Слухайце, дык, можа быць, вам здаць тэст паўторна?

— Не, ну я думаю, у канцы месяца трэба зараз здаць... Я думаю, так.

— Давайце я тады пагавару. Калі сёння такая магчымасць ёсць, ну... вызначымся, ці вы туды, ці да вас прыедуць. Так, каб ужо дакладна разумець. Калі што, то вам дакладна... да нас таксама нельга будзе.

— Ну дык так, я і не хачу ехаць... То-бок як, я хачу, але разумею, што нельга. Тут яшчэ шэф не звоніць ужо трэці дзень на фоне ўсяго гэтага... Ну, карацей, капец. Слабасць, з канапы не магу ўстаць. І гэтыя барабаняць бясконца... Ну, якія там нумар скідалі [найбольш імаверна, гаворка пра "зліў" нумара тэлефона ў інтэрнэт. — Еўрарадыё]... Увогуле, усё, Мікалай Леанідавіч, перадайце, калі ласка, шэфу, каб ён ведаў…

— Па магчымасці.

— Угу.

— Па магчымасці і як толькі будзе размова. Я падкажу адназначна. Ну, калі будуць нейкія ўказанні, то паспрабую давесці. Ну і вы там таксама, глядзіце больш сябе... Можа, піце чаго-небудзь... Больш вадкасці, там, якія-небудзь.

— Добра, гэта так.

— На антыбіётыкі не, а так можна чагосьці папіць.

— Ну я думаю, падкажуць…

— Ну, ну, звяжамся. Крыху пазней набяру тады, па тэсце скажу. Добра?

— Угу. Дзякуй вялікі. Дзякуй.

— Усё, папраўляйцеся.

— Тады на сувязі, дзякуй, так, на сувязі.

"Ігар Пятровіч" і праўда знік? І чым праштрафіліся "Наталля Мікалаўна"?

Калі выказаць здагадку, што гаворка ў запісе ідзе пра Ігара Пятровіча Сергеенку, то ў лістападзе ён сапраўды рэдка з'яўляўся на публіцы. Тая самая нарада па знешняй палітыцы, пра якую ідзе гаворка, гэта ледзь не адзіны такі выпадак.

Звычайна кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта прадстаўляе Лукашэнку новыя кадры. Аднак у лістападзе гэта рабілі або намеснік Сергеенкі Максім Рыжанкоў, або кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Не быў заўважаны Сергеенка і на цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў, а таксама падчас паездак Лукашэнкі па заводах і рэгіёнах.

У стужцы дзяржагенцтва БЕЛТА за апошнія паўтара месяца — толькі два згадванні пра Сергеенку. Першае — пры прызначэнні рэктараў. Другое — на "той самай" нарадзе. А гэта ж адзін з самых высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі!

Словы ж Наталлі Мікалаўны пра тое, што "шэф тры дні не звоніць на фоне ўсяго гэтага", могуць паказваць на папярэднія злівы размоў з тым жа жаночым голасам. Гаворка пра гутарку "Натулі" і "Дзімы" пра зразанне стужак у мінскіх дварах.

Пра тое, што Наталля Эйсмант удзельнічае ў выпрабаванні расійскай вакцыны ад каранавіруса, 27 лістапада паведаміў канал "Пул Первого", паказаўшы яе ў ахоўным касцюме падчас наведвання Лукашэнкам 6-й бальніцы. Пры гэтым у адзін кадр з першай асобай яна не трапляла. Гэта суадносіцца з дыялогам пра вакцынаванне ў "злітай" гутарцы.

Гэтыя ўскосныя прыкметы павышаюць імавернасць таго, што размова мела месца ў сапраўднасці. Хоць і не даказваюць на 100%, што гэта размова паміж Эйсмант і Лемяшонкам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі