Вы тут

Шчыгельскі: я не сумняюся, што да арыштаваных ужываюцца катаванні

Дзмітрый Шчыгельскі / кадр з відэа

Доктар-псіхіятр Дзмітрый Шчыгельскі, які жыве ў ЗША, у гутарцы з Радыё "Свабода" пракаментаваў фільм "Забіць прэзідэнта", паказаны днямі на тэлеканале АНТ.

У фільме яго назвалі галоўным завадатарам "спробы дзяржперавароту" і "замаху на Лукашэнку". Такія словы прагучалі ў прыватнасці ад юрыста Юрыя Зянковіча

Шчыгельскі заявіў, што не будзе каментаваць справу, пакуль затрыманыя знаходзяцца ў руках беларускіх спецслужбаў.

"Мы ведаем, што ў Беларусі ўжываюцца катаванні, у тым ліку да шараговых удзельнікаў дэманстрацыяў. У мяне няма сумневу, што да затрыманых ужываюцца ўсе метады... Калі катаваць, то хто заўгодна прызнаецца ва ўсім што заўгодна", — заявіў Шчыгельскі ў адказ на словы затрыманых.

Па яго словах, затрыманыя Юрый Зянковіч, Аляксандр Фядута, Рыгор Кастусёў выглядаюць у фільме не так, як звычайна: "Усе, хто там паказаны, выглядаюць вельмі дзіўна. Паводзяць сябе не так, як паводзяць у жыцці. Гавораць не так, як казалі пры іншых абставінах. У мяне няма сумневаў, што там могуць ужываць што заўгодна. Але каб сцвярджаць гэта, трэба мець доказы. такіх доказаў сёння, да краху рэжыму, хутчэй за ўсё ніхто не зможа знайсці".

Пра Zoom-сустрэчы, якія склалі аснову фільма, Шчыгельскі патлумачыў, што яны насілі абстрактны тэарэтычны характар. Некаторыя з іх зусім не закраналі Беларусь. Была сустрэча, напрыклад, якая прысвячалася Іспаніі генерала Франка, на іншай абмяркоўвалі Турцыю Атацюрка.

Што да планавання перавароту, Шчыгельскі кажа, што ніколі ніякія планы перавароту не абмяркоўваліся: ніколі не называліся нумары часцей, даты, маршруты...

Згадаў Шчыгельскі і размову пра 200 тысяч долараў, якія яму прапаноўвалі за нафтаперапрацоўчы завод у Беларусі пасля перамены ўлады — гэтая фраза гучыць у фільме. "Мне прапаноўвалі 200 тысяч за НПЗ — я паслаў іх нах... Гэта ў фільме абрэзалі. Ёсць такія таварышы, якія прапаноўваюць такое. Я на гэта ніколі не пагаджаўся. Зянковіч на такое ніколі не пагаджаўся", — расказаў ён.

Пра сувязі з амерыканскімі спецслужбамі, у якіх вінавацяць затрыманых, ён заявіў, што сам не мае кантактаў спецслужбаў. Хаця, кажа Шчыгельскі, калі ён "мозг аперацыі", як яго назвалі ў фільме, усе кантакты мусілі б быць у яго.

Каментаваць, як відэазапісы Zoom-сустрэчаў трапілі ў КДБ, Шчыгельскі адмовіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.