Шасцярых юных футбалістаў і іх трэнера выпісалі з гродзенскай лякарні

Шасцярых юных футбалістаў і іх трэнера выпісалі з гродзенскай лякарні

З Гродзенскай абласной інфекцыйнай лякарні выпісалі семярых пацыентаў, якіх даставілі туды з падазрэннем на кішэчных інфекцыю. Гэта шэсць юных футбалістаў і іх трэнер, інфармуе БЕЛТА.

Галоўны лекар лякарні Алена Краткова кажа, што стан здароўя шасці дзяцей і аднаго дарослага трывогі не выклікае. Добра пачуваюццца і тры пацыенты, якія пакуль застаюцца ў стацыянары. Іх плануецца выпісаць бліжэйшымі днямі.

Паведамляецца, што тры юныя футбалісты прыбылі з Расіі, а астатнія хлопцы і трэнер — з Полацка.

Як паведамляла раней Еўрарадыё, некалькі дзён таму каманда прыехала ў Гродна на турнір і размясцілася на базе адпачынку "Купалінка". Уначы 29 сакавіка дзеці пачалі скардзіцца на кепскае пачуванне. Хуткая дапамога даставіла футбалістаў і трэнера ў інфекцыйную лякарню. У большасці з іх былі выяўленыя прыкметы кішэчнай інфекцыі, у аднаго дзіцяці — прыкметы рэспіраторнай інфекцыі.

Бацькі дзяцей, якія іх суправаджалі, распавялі, што ў аднаго з хлопчыкаў сімптомы назіраліся яшчэ па дарозе на спаборніцтвы. Па медыцынскую дапамогу тады не звярталіся. Цяпер стан дзіцяці стабілізаваўся, і хлопчык ужо ўдзельнічае ў турніры. Не выключалася, што ад яго інфекцыя перадалася іншым дзецям. Юных пацыентаў шпіталізавалі для назірання і вызначэння дыягназу.

Па словах намесніка галоўнага лекара Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Аляксандра Руфкіна, цяпер на базе адпачынку "Купалінка" ідзе эпідэміялагічнае расследаванне для выяўлення прычын і ўмоваў узнікнення заражэння. Будуць узятыя пробы вады, харчовых прадуктаў. Таксама будзе абследаваны персанал базы адпачынку, у першую чаргу — работнікі харчаблока.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі