Серыйны рабаўнік затрыманы ў Мінску: ён нападаў на жанчын у цёмны час сутак
Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Мінска пры сілавой падтрымцы байцоў спецпадраздзялення "Алмаз" затрымалі 35-гадовага мінчука. Яго падазраюць у серыі рабаванняў у сталіцы, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Зламысніка затрымалі на месцы злачынства: на вуліцы Пятра Глебкі ён напаў на маладога хлопца і сілай забраў у яго мабільны тэлефон.
Паводле інфармацыі аператыўнікаў, з канца лістапада мужчына ўчыніў некалькі рабаванняў на тэрыторыі Цэнтральнага і Фрунзенскага раёнаў Мінска. У цёмны час сутак (позні вечар, раніца) ён нападаў на жанчын ззаду, збіваў іх з ног альбо біў іх і забіраў сумкі.
Цяпер на затрыманага пачалі крымінальную справу за рабаванне, кажа намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку ГУУС Мінгарвыканкама Мікалай Шыбалка. Дарэчы, раней мінчука ўжо двойчы судзілі за разбой, сёлета ў лютым ён вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі.