Серебряная Свадьба. "Сердечная мускулатура"

А “Серебряная Свадьба” стварала песні, грала канцэрты, выступала на фестывалях, гастралявала па Францыі і не толькі, апранала новыя ўборы, рабілася папулярнай, расла ў прафесійным плане.

Яна нікуды не спяшалася, і правільна рабіла. У выніку, яе першы паўнафарматны альбом “Сердечная мускулатура” успрымаецца хутчэй чарговым альбомам заслужана папулярнага калектыву.

Бо! Для першага альбома ўсё гучыць занадта якасна, моцна, спраўна і слаўна, што не дзіўна: было б абсурдна, каб было б наадварот. Выдатныя аранжыроўкі ідэальна спалучаюцца з роўным і пранізліва-пяшчотным вакалам Бенькі, якая можа як прымусіць падацца ў пляс, так і разрыдацца, як, напрыклад, у песні “Голубое платьице”.

Увогуле, усе гурты, якія аднойчы Папа Бо паказаў свету, нясуць у свет канкрэтную канцэпцыю. Ніводны з іх не існуе “ад балды”, і ніводны з іх не выдае альбомы кшталту “прыдумалі 10 песень, трэба выпускаць!” “Сердечная мускулатура” – таму прыклад. Як тлумачыць сама Бенька, “Сердечная мускулатура” – у нейкім сэнсе музычны спектакль, які праводзіць па таемных кутках сэрца, успамінах дзяцінства і юнацкай самоце; гэта – даследаванне фізічнай і метафізічнай будовы сэрца дзякуючы песням, вершам і анатамічным падрабязнасцям”.

Дарэчы, альбом “Серебряной Свадьбы” вобразна і філасофскі перагукаецца з апошнім альбомам “Кассиопеи” “Стивен Кинг и мы”. Тэма смерці, з якой так смела гуляюць Ліберзон, Чарапко і Сакалоў, паўстае і тут. Але смерці цяжка развярнуцца ў “Сердечной мускулатуре”, і ў выніку яе “прышыбаюць”.

Не было б так смешна, калі б не было так сумна – трагікамізм тут перамяжоўваецца з сумнай лірыкай, “лянівая руская боса-нова” з “амелішнымі” французскімі мелодыямі, сімфанічная тэма досведу ў выкананні медных духавых (“Жизненный опыт”) з лялечным маршам.

Свой “жыццёвы досвед” “Серебряная Свадьба” нікому не навязвае: альбом “Сердечная мускулатура” гучыць крыху больш за паўгадзіны. Аднак кожны, хто праслухае альбом, безумоўна ўзгадае свой “жыццёвы досвед”, сваю “блакітную сукенку” і “сабаку, які чакаў, каб яму ўсміхнуліся”… А на “Еўрабачанне” паедзе дзяржаўная спявачка Ірына Дарафеева, ці чарговыя “3+2”. А Бенька паедзе ў Францыю…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі