Вы тут

Сем гродзенцаў затрымалі па падазрэнні ў датычнасці да Telegram-каналаў

Сем гродзенцаў затрымалі па падазрэнні ў датычнасці да Telegram-каналаў / pixabay.com

Не менш за сем гродзенцаў (у тым ліку пяць жанчын) затрымалі з 9 кастрычніка. Іх падазраюць у "арганізацыі або падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх" (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу), паведамляе Радыё "Свабода". 

Некаторых з затрыманых таксама падазраюць у парушэнні закона ў першыя дні пратэстаў 9-11 жніўня, а таксама ў датычнасці да тэлеграм-чатаў мікрараёнаў. Двух чалавек вызвалілі з ізалятара праз 72 гадзіны пасля затрымання.

Маці адной з затрыманых Алена расказала журналістам, што яе 27-гадовую дачку Яўгенію затрымалі 9 кастрычніка па дарозе на працу. Дзяўчына паспела затэлефанаваць сваёй начальніцы і паведаміла, што на працу не прыйдзе і не можа сказаць, дзе яна. Пазней дзяўчына прызналася, што знаходзіцца ў міліцыі. Маці кажа, што дачка давала міліцыянтам сведчанні пад ціскам. Дзяўчыну асудзілі на 5 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Раней паведамлялася, што сілавікі затрымліваюць адміністратараў раённых чатаў у Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.