Сцэнар Януковіча? Якім свой сыход бачыць Лукашэнка

Лукашэнка і Януковіч
Лукашэнка і Януковіч

Лукашэнка шукаў пляцоўкі, каб правесці пенсію за межамі Беларусі, але такіх варыянтаў не засталося. У гэтым упэўнены стваральнік “Белага легіёна” Сяргей Бульба:

“Вось паездка ў Арабскія Эміраты: ён бярэ ўсіх сваіх сыноў, але яго ніхто не сустракае з мясцовых чыноўнікаў. Ёсць уражанне, што ён паехаў паказаць сваім сынам іх маёмасць — ён жа туды грошы ўкладаў. Пазней едзе ў Зімбабвэ, але пасля — зноў у Эміраты. Тады яго ўжо сустракаюць арабскія чыноўнікі, але суправаджае яго не міністр замежных спраў, а міністр унутраных спраў. Яму намякаюць: у нас праз вас праблемы, забірайце сваё майно і валіце адсюль. То бок мару Зяленскага і штаба Ціханоўскай, што прыйдзе слаўны дзень, калі Лукашэнка з усёй сям’ёй сядзе ў летачок і кудысьці зляціць, ветрыкам разносіць”.

Паводле інфармацыі Бульбы, Лукашэнка шмат да каго звяртаўся ў пошуках "шляхоў адступлення": “Хадзілі чуткі, што для Колі Лукашэнкі яны спрабуюць атрымаць амерыканскі пашпарт. Аказалася, гэта не так. Але ў каго яны сапраўды прасілі — дык гэта ў Эрдагана: Лукашэнка прасіў пашпарты для сябе і ўсёй сям’і, каб яны маглі перабрацца да туркаў. Але той адмовіў. Ні арабы, ні Эрдаган не хочуць сварыцца з тымі ж амерыканцамі. Падобна, што Кітай адказаў тым жа".

Паводле слоў Бульбы, ужо раней разглядаўся варыянт "сцэнара Януковіча": "Колькі гадоў таму Пуцін прапанаваў яму 70 гектараў зямлі ў Падмаскоўі. Маўляў, будуй тут сваю рэзідэнцыю. Але скончылася ўсё імітацыяй: нейкія ландшафтныя дызайнеры і архітэктары паглядзелі, але закінулі праект… Карацей, Расія адпадае таксама, бо ён не паедзе туды — не давярае Пуціну”.

Бульба лічыць, што Крэмль планаваў ссунуць Лукашэнку, як гэта было з Назарбаевым у Казахстане:

“Вярнуўшыся з Арабскіх Эміратаў, ён (Лукашэнка. — Еўрарадыё) згадаў пра ВНС. Гэты алгарытм быў прапанаваны Расіяй і Лукашэнку, і Назарбаеву яшчэ гадоў 7 таму. Яны пачалі ім настойліва тлумачыць, што калі вы не адыходзіце ад улады, то стомленасць ад вашых пысаў у тэлевізары прывядзе да сацыяльных пратэстаў. Што мы ў выніку і ўбачылі ў 2020-м годзе”.

Бульба звяртае ўвагу, што пасля нядаўняга вяртання з Масквы Лукашэнка зноў загаварыў пра народныя апалчэнні: “Пра што гэта кажа? Яўна чалавек не ведае, што рабіць. Ён загнаны ў кут. Ілюзіі, што ён зможа з’ехаць у Эміраты, развеяліся. Ён разумее, што Беларусь засталася яго адзіным фарпостам. Гэтыя народныя апалчэнні — гэта спроба паказаць Пуціну, што ён збіраецца бараніцца”.

Беларусь — фактычна акупаваная тэрыторыя, кажа Бульба: “Адзінае, чаго не ведае Пуцін, — што рабіць з Лукашэнкам і яго атачэннем. Ён ведае, што Лукашэнка здольны на нечаканыя выбрыкі”.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі