СБУ заяўляе, што захапіла групу расійскіх дыверсантаў
Служба бяспекі Украіны заявіла, што позна ўвечары 9 снежня падчас спецаперацыі спыніла дзейнасць дыверсійна-разведвальнай групы. Паведамляецца, што група дзейнічала ў шэрагу гарадоў Украіны, у тым ліку ў Кіеве.
Пра гэта інфармуе УНІАН са спасылкай на прэс-сакратара СБУ Алену Гітлянскую.
"Затрыманыя двое грамадзян Расійскай Федэрацыі і трое грамадзян Украіны. Яшчэ адзін з членаў ДРГ аказаў супраціў з ужываннем аўтаматычнай зброі, параніўшы пры гэтым двух супрацоўнікаў спецпадраздзялення "Альфа" і быў абясшкоджаны. Стан аднаго з параненых крытычны, у гэтыя хвіліны лекары змагаюцца за яго жыццё. Пад агнём супрацоўнікі "Альфы" спачатку эвакуявалі з кватэры, дзе хаваўся дыверсант, гаспадароў кватэры і іх сямігадовае дзіця, і толькі затым завяршылі штурм збройнага злачынца", — заявіла Гітлянская.
У СБУ кажуць, што толькі па адным з адрасоў у Кіеве канфіскавалі восем падрыхтаваных самаробных выбуховых прыладаў, чатыры кілаграмы трацілу, аўтаматычную зброю, больш за сорак гранат і каля дзвюх тысяч патронаў. Таксама там знайшлі кампаненты выбуховых прыладаў і сродкаў паражэння.
Пазней Гітлянская паведаміла пра затрыманне яшчэ аднаго грамадзяніна Расіі.
Фота: СБУ