Вы тут

Саюз палякаў: Важна, што ва ўладаў не атрымалася пасварыць нас з грамадствам

Фота: радыё "Свабода"

Непрызнаны беларускімі ўладамі “Саюз палякаў Беларусі” сёлета адзначае 30-годдзе. З нагоды юбілею на некалькі пытанняў Еўрарадыё адказалі кіраўніца СПБ Анжаліка Борыс і сябра Галоўнай рады, журналіст Анджэй Пачобут.

Уладам не падабаемся, але дзейнічаем

Анджэй Пачобут адным з галоўных дасягненняў арганізацыі за трыццаць гадоў называе тое, што яна працягвае існаваць і дзейнічаць:

“Арганізацыя, нягледзячы на рэпрэсіі і пераследы, налічвае больш дзесяць тысяч сяброў, у яе склад уваходзяць больш за сто розных структур (таварыствы, аддзелы), мы падтрымліваем каля 150 месцаў (грамадскія школы пры парафіях, нядзельныя школкі) па вывучэнні польскай мовы, даглядаем магілы польскіх жаўнераў”.

Як прыклад стаўлення ўладаў да СПБ, Пачобут згадвае пра тое, што сёлета гродзенскія ўлады забаранілі канцэрт культавага польскага гурта Lady Pank. Ён меў адбыцца 28 жніўня ў гродзенскім Новым замку ў гонар 30-й гадавіны “Саюза палякай Беларусі”. Але ў выніку яго перанеслі ў Беласток.

Борыс дадае, што арганізацыя апошнім часам значна ўзмацнілася за кошт падтрымкі людзей, стала мабільнай, можа арганізаваць мерапрыемствы адразу ў некалькіх месцах, можа за месяц сабраць шэсць тысяч подпісаў у абарону польскіх школ.

“Для нас вельмі важна, што ва ўладаў не атрымалася пасварыць нас з грамадствам Беларусі, што канфліктаў паміж беларусамі і палякамі няма, — падкрэслівае Борыс. — Мы маем аўтарытэт сярод беларускіх грамадскіх арганізацый і адной з галоўных вартасцяў для нас з’яўляецца дэмакратыя і шанаванне правоў чалавека”.

Анжаліка Борыс. Фота: harodniaspring.org

Вучыцца на польскай мове — гэта ўжо палітыка

Паводле Пачобута, супрацоўніцтва СПБ з іншымі грамадскімі арганізацыямі ніколі не спынялася. Ён звяртае ўвагу, што мэты і задачы Саюза палякаў носяць спецыфічны характар, бо скіраваныя на патрэбы нацыянальнай меншасці.

“А вось палітыкай мы не займаемся, праўда, палітыка, на жаль займаецца намі, — кажа Пачобут. — У нармальных краінах палітыка — гэта барацьба за ўладу, удзел у выбарах, падтрымка кандыдатаў і г.д. Гэтым мы не займаемся. Але мы хочам, каб польскія дзеці ў Беларусі маглі вучыцца на польскай мове, а з пункту погляду беларускай улады, гэта ўжо палітыка”.

Даведка:

Грамадская арганізацыя “Саюз палякаў Беларусі” з’явілася ў 1988 годзе. Па словах Анжалікі Борыс, на першым этапе, дзякуючы нармальным стасункам з беларускім ўладамі атрымалася пабудаваць дзве польскія школы (у Гродне і Ваўкавыску), 16 польскіх дамоў у розных гарадах Беларусі, З’явіліся газета і часопіс на польскай мове, польскія фальклорныя калектывы, адкрыліся курсы польскай мовы.

У 2005-м годзе беларускія ўлады не прызналі вынікі выбараў старшыні СПБ. Быў прызначаны новы з’езд. Частка сяброў арганізацыі адмовілася ўдзельнічаць у паўторным з’ездзе, і ў выніку пачалі існаваць два саюзы палякаў. СПБ пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс аб’ядноўвае больш за дзесяць тысяч сяброў, больш за сто структур па ўсёй краіне, падтрымлівае больш за 150 розных месцаў, дзе людзі вывучаюць польскую мову. З 2005 года арганізацыя не прызнаецца беларускімі ўладамі.