Саюз палякаў патрабуе пакараць газету «Рэспубліка»

Саюз палякаў у Беларусі патрабуе прыцягнуць да адказнасці галоўнага рэдактара газеты «Рэспубліка» Анатоля Лемяшонка і аўтара выдання Антона Андрэенку.

16 чэрвеня Рада СПБ прыняла адкрытую заяву, якую накіравала генеральнаму пракурору Пятру Міклашэвічу. Пад ёй падпісаліся 29 чалавек.

Сяброў грамадскага аб’яднання ўзрушыла публікацыя ў нумары ад 15 чэрвеня пад загалоўкам «Новые крестоносцы». У ёй зневажаецца Каталіцкі Касцёл і памерлы Папа рымскі Ян Павел II, якога аўтар публікацыі абвінаваціў у сувязях з заходнімі спецслужбамі і «д’ябальскіх акцыях».

Вось што сказаў у інтэрв’ю «Еўрарадыё» сябра Саюзу палякаў Юзаф Пажэцкі:

«Надрукаваць такое ў цэнтральнай газеце, якая з’яўляецца органам Савету Міністраў Беларусі! Мяркую, гэты ўчынак мусіць быць пакараны».

Паводле словаў Пажэцкага, Ян Павел II быў і застаецца маральным аўтарытэтам. Спроба паказаць яго дзейнасць у негатыўным святле выклікае натуральнае абурэнне вернікаў, і не толькі католікаў, адзначыў Юзаф Пажэцкі.

СПБ спадзяецца, што будзе распачатая крымінальная справа па факце распальвання нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі