Вы тут

Сайт незалежнага прафсаюза РЭП знішчаны

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч / Еўрарадыё

Сайт незалежнага прафсаюза РЭП praca-by.info не адчыняецца. Пры спробе зайсці на яго адбываецца пераадрасацыя на акаўнт РЭП у Фэйсбуку. 

Сайт прафсаюза амаль цалкам знішчаны "аварыйным адключэннем электрычнасці". Менавіта такую прычыну назвала тэхнічная служба хостара CoolServe Corporation, паведамляе прэс-служба РЭП. У кампаніі адмовіліся ўзнаўляць жосткі дыск, на якім захоўвалася база даных, заявіўшы, што гэта "занадта дарагая паслуга".

Прэс-служба РЭП адзначае, што праблемы з доступам да сайта пачаліся яшчэ 1 снежня. Хостар на працягу некалькіх дзён абяцаў аднавіць доступ да сайта. Але 3 студзеня кампанія заявіла пра сур'ёзныя пашкоджанні і немагчымасць аднавіць базу даных.

Прадстаўнік тэхпадтрымкі CoolServe Corporation заявіў, што правайдары не нясуць адказнасці за страты, якія ўзніклі пры эксплуатацыі абсталявання. Інакш яны былі б банкрутамі.

Цяпер каманда praca-by.info працуе над запускам новага сайта.

"Я б мог зразумець экстранае адключэнне электрычнасці ў глухім калгасе "40 гадоў без ураджаю". Але ўявіць падобнае ў Мінску, дзе знаходзіцца тэхнічная служба, якая абавязана мець на такія выпадкі запасны генератар, для мяне немагчыма. Гэта больш нагадвае спланаваную дыверсію. Тым больш, што хостар так і не назваў, хто яшчэ пазбавіўся сваіх сайтаў", — пракаментаваў гэтую сітуацыю лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.