Саўмін Беларусі абмежаваў выплату дывідэндаў інвестарам з "недружалюбных" краін

Долары, ілюстрацыйнае фота

Долары, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Урад Беларусі абмежаваў выплату прыбытку і дывідэндаў інвестарам з "недружалюбных" краін, якія маюць долі, або ім належыць маёмасць кампаній ў РБ. Гэта прадугледжана пастановай урада. Дакумент апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым партале.

Згодна з пастановай, у год такі інвестар можа атрымаць суму прыбытку або дывідэндаў да 80 тысяч базавых велічынь (3,2 млн рублёў на красавік 2024 года). Калі замежных інвестараў у кампаніі некалькі, сума размяркоўваецца паміж усімі. Каб забраць свае грошы звыш гэтага ліміту, трэба будзе атрымаць дазвол на іх выплату ў аблвыканкаме або Мінгарвыканкаму. Пры гэтым дазвол выдадуць толькі пры выкананні шэрагу ўмоў:

  • агульны аб'ём заяўляемых да выплаты прыбытку і (або) дывідэндаў складае не больш за 50% сярэдняга аб'ёму прамых замежных інвестыцый за папярэднія пяць гадоў (гэты крытэр не дзейнічае для рэзідэнтаў ПВТ);
  • колькасць работнікаў павінна быць не менш за 70% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года;
  • у кампаніі не павінна быць чыстай страты за папярэдні год і справаздачны перыяд бягучага года;
  • у кампаніі не павінна быць пратэрмінаванай запазычанасці па банкаўскіх крэдытах і крэдытах "Банка развіцця", запазычанасці па выплаце падаткаў, збораў, пеняў, узносаў у ФСАН і г. д., запазычанасці па зарплаце і іншых выплатах работнікам; 
  • кампанія павінна забяспечыць сярэдні заробак работнікаў за папярэдні год і справаздачны перыяд не ніжэй за 3,5-кратны памер мінімальнай зарплаты, а рэзідэнт ПВТ — не менш за 11,5-кратны памер мінімальнай зарплаты.

Калі мясцовыя ўлады адмовяць замежнаму інвестару ў перакладзе грошай за мяжу, то сродкі пакладуць на спецрахунак. Інвестар зможа скарыстацца гэтымі грашыма, але толькі толькі ўнутры краіны і на пэўныя мэты — напрыклад, на пагашэнне банкаўскіх крэдытаў, размяшчэнне ў дэпазіты, куплю дзяржаблігацый, інвестыцыі ў беларускія праекты.

У пералік "недружалюбных" краін, на ўласнікаў з якіх распаўсюджваецца абмежаванне на выплату дывідэндаў, уключаны краіны Еўрасаюза, ЗША, Канада, Аўстралія, Вялікабрытанія, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Новая Зеландыя, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Швейцарыя.

Дакумент прадугледжвае, што такія абмежаванне будзе дзейнічаць да 31 снежня 2025 года.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі