Вы тут

#Сашатут: у Мінску прайшоў канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча (фота)

Фота Еўрарадыё

25 кастрычніка ў сталічным Prime Hall прайшоў вялікі канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча. Пры жыцці ён марыў аднойчы сабраць з гуртом Neuro Dubel менавіта гэтую пляцоўку. Мара здзейснілася, але без Сашы на сцэне...

Натуральна, прыхільнікі, сваякі і музыкі — сябры Кулінковіча, якія выходзілі спяваць яго песні разам з яго гуртом (агулам было выкананана 36 песень), былі перакананыя, што Саша таксама тут, у Prime Hall. Што ён сядзіць недзе ў куточку, паліць папіросу і яму падабаецца ўсё, што адбываецца ў зале. 

Ад пачатку вядучы канцэрта Аляксандр Памідораў прапанаваў успрымаць імпрэзу менавіта як свята. Большасць публікі гэта падтрымала, хаця ў пэўныя моманты людзі не хавалі слёзы. Занадта балюча было чарговы раз разумець, што сёння Neuro Dubel грае свой апошні канцэрт:

"Гурт Neuro Dubel. Горад Мінск. Рэспубліка Беларусь. Не забывайце нас".

Лідар Gods Tower Lesley Knife распавёў, што менавіта дзякуючы Кулінковічу яго дзяўчына пагадзілася стаць ягонай жонкай і выканаў песні "Першы" і "На Марс!"
Бубнач Neuro Dubel Андрэй Сцепанюк
Аляксандр Памідораў не толькі вёў канцэрт, але і праспяваў некалькі дзюбелеўскіх трэкаў — "Раз, два, три", "Убийство монтировкой", "Звёздочки мерцают"
Ангус з гурта Tornado, рок-легенда 90-х
Гітарыст Neuro Dubel Віталь Абрамовіч. Дарэчы, у канцэрце ўзялі ўдзел і колішнія ўдзельнікі калектыву: Макс Івашын і Максім Паравы
Дзяніс Тарасенка з "РСП" узгадаў, што гутарыў з Кулінковічам падчас апошняга "Басовішча". Музыкі гаварылі, што, маўляў, як гэта яшчэ яны ні разу не зрабілі нічога супольнага. "Ну вось, супольнае", — Дзяніс праспяваў культавую "Я намочил манту"
Алесь Лютыч, гурт :B:N: спеў "Метро" і "Охотник и Сайгак"
Вельмі кранальна выступіла група "Велосипедистов", з якой Саша працаваў у вольны ад Neuro Dubel час

Канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча сабраў больш за тысячу чалавек. Частка грошай за квіткі пойдзе на помнік музыку, выданне зборніка яго публіцыстыкі і альбома фотаздымкаў гурта.

Алесь-Францішак Мышкевіч з The Superbullz выканаў "Вітайце" і "Das Pisch"
Юра Стыльскі з "Дай Дарогу!" кідаўся ў публіку кефірам пад уласнае выкананне "Біфідакефіра"
Зоя Сахончык з гурта "Зьмяя" і Ігар Варашкевіч з "Крамы". "Маленькая песенка".
Лявон Вольскі выйшаў на сцэну з "дзюбелеўскімі" "Belarus uber alles", "Танкамі" і "Марскім чалавекам"
Юра Навумаў "Паскуда" вельмі стылёва выканаў знакамітыя "Ворсинки и катышки"