Самы вядомы мінскі мурал зафарбавалі праз скаргі жыхароў

Самы вядомы мінскі мурал зафарбавалі праз скаргі жыхароў

27 ліпеня рабочыя зафарбавалі самы вядомы мінскі мурал — "Чалавека без твару", таксама вядомага як "Анёл Смерці". Цяпер замест яго — сценка брудна-жоўтага колеру.

Спачатку чыноўнікі тлумачылі знішчэнне “Чалавека без твару” тым, што праводзяць “цеплавую мадэрнізацыю” шматпавярховіка. Але ў ЖКГ Кастрычніцкага раёна Еўрарадыё распавялі, што прычын было дзве: тэхнічная і ідэалагічная.

"Графіці зафарбаванае па рашэнні рабочай групы ў адміністрацыі раёна. Быў здзейснены выхад на месца, і канстатавана, што тэхнічны стан графіці пагоршыўся: пачала адвальвацца тынкоўка, трэскацца фарба. А наогул, гэта ўсё на падставе таго, што было вельмі шмат скаргаў ад жыхароў. Прэтэнзій было шмат першапачаткова, асабліва ад маці. Людзі не зразумелі тэматыку".

Мурал даўно выклікаў нараканні з боку жыхароў навакольных дамоў. Яны называлі выяву чалавека ў капюшоне са свечкай замест твару празмерна дэпрэсіўнай. Пісаліся скаргі і ствараліся петыцыі з просьбай зафарбаваць яго ці змяніць малюнак. Але ствараліся і петыцыі з патрабаваннем захаваць мурал.

Дом на Варанянскага, 13 к1, на якім быў намаляваны “Чалавек без твару”, мы не знайшлі ў спісах на капітальны рамонт на 2018 год. Цеплавая мадэрнізацыя, якой чыноўнікі тлумачылі знішчэнне мурала, з’яўляецца часткай капітальнага рамонту.

Чакаецца, што аўтар “Чалавека без твару”, грэчаскі мастак Ino зробіць заяву наконт знішчэння мурала. Пакуль ён ніяк гэта не каментаваў.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі