Сацыяльная абарона: інвалід мусіць жыць разам з маці за 220 рублёў на месяц

Сацыяльная абарона: інвалід мусіць жыць разам з маці за 220 рублёў на месяц

Інвалід-калясачнік Саша Аўдзевіч вяртаецца ў Ліду пасля падарожжа сваёй мары. За два месяцы ён праязджае чатыры тысячы кіламетраў на хэндбайку, каб убачыць самую заходнюю частку Еўропы. На радзіме хлопца чакае сюрпрыз.

“Маму пазбавілі дапамогі па даглядзе за інвалідам, — піша хлопец у Facebook. — З-за таго, што я з’ехаў за мяжу. Яна нібы мусіла ехаць са мной па версіі дзяржорганаў і дапамагаць. А цяпер ёй трэба збіраць даведкі і даказваць, што яна не наркаман і псіхічна здаровая, каб ёй зноў пачалі выплачваць дапамогу”.

Кіраўніца пенсійнага аддзела Лідскага раённага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Тарасенка адразу папярэджвае Еўрарадыё, што ўсё адпавядае заканадаўству, ніякіх парушэнняў у дзеяннях чыноўнікаў няма.

“Дапамога па даглядзе назначаецца і выплачваецца толькі ў тым выпадку, калі ажыццяўляецца пастаянны старонні дагляд, дапамога ў ажыццяўленні нерэгуляваных фізіялагічных запатрабаванняў, неабходнасць у якіх узнікае часцей за раз на суткі, — тлумачыць рашэнне Ірына Тарасенка. — Гаворка вядзецца пра кармленне, пераапрананне, гігіенічныя патрэбы і іншыя. Улічваючы, што Аляксандр Мікалаевіч з’ехаў у свой тур па краінах Еўропы, а маці засталася тут, ажыццяўляць дагляд яна перастала”.

Чалавек, які даглядае інваліда, не мае права ўладкоўвацца на працу ды і ўвогуле як-небудзь падпрацоўваць. Маўляў, запатрабаванні інваліда не маюць вызначанага часу, таму даглядаць трэба круглыя суткі. Пры гэтым сума дапамогі проста неверагодная — 175,5 рубля — жыві за іх і дапамагай інваліду як сабе хочаш. Пазбаўляючы маці Аляксандра гэтай дапамогі, ФСАН фактычна пазбавіў яе на два месяцы любых сродкаў на існаванне.

“Ды і чорт з імі, з гэтымі 175 рублямі ў месяц, — абураецца Саша Аўдзевіч. — Пастаўце вы на паўзу выплаты, тыпу вярнуўся дамоў — аднавілі. Дык не! Цяпер маці мусіць зноў прайсці ўсе сем колаў пекла паліклінікі. Трэба даказаць, што яна не наркаман, не псіхапат, здаць флюраграфіі і ўсё іншае. Гэта яшчэ месяц будзе цягнуцца, а пасля толькі праз месяц яны пачнуць выплачваць. То бок два месяцы выплат не будзе. І ў выніку атрымліваецца, што за пяць месяцаў можна не плаціць”.

Супрацоўніца ФСАН кажа, што медыцынскія даведкі проста раяць атрымліваць і прыносіць, але, у прынцыпе, дастаткова і пашпарта ды працоўнай кніжкі.

Пакуль рыхтаваўся матэрыял, Аляксандр паведаміў у Facebook, што плануе новае падарожжа. Праз гэтую непрыемную сітуацыю ён падумвае змяніць свой хэштэг #BelarusAlien на які іншы, каб больш не асацыяваць сябе з такой краінай. Ці наадварот пачаць праслаўляць менавіта такую Беларусь.

“Думаю, краіне даражэй стане культурная дэлегацыя ў 12 еўракраін, у якой яшчэ і інтэрв’ю будуць браць паўсюль ды даведвацца пра Беларусь”, — рэзюмуе Саша.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі