Вы тут

Глуханямому прысудзілі 2 гады за "абразу Лукашэнкі" і "заклікі да гвалту"

Турма / Еўрарадыё, ілюстрацыйнае фота

У Гомелі на закрытым працэсе на два гады калоніі асудзілі 30-гадовага Дзмітрыя Заломскага, перадае Радыё "Свабода". 

Ён інвалід па слыху, глуханямы. Мужчыну ўзялі пад варту ў зале суда і забралі ў яго слыхавы апарат.

На сайце Генпракуратуры паведамляецца, што гамельчука судзілі за "абразу кіраўніка дзяржавы, прадстаўніка ўлады і пагрозу гвалтам у дачыненні да суддзі". Пры гэтым не паведамлялася, што асуджаны — глуханямы.

Заломскі працаваў наладчыкам на прадпрыемстве "ВІПРА". З лютага ў яго праходзілі ператрусы, сілавікі забралі камп'ютар і тэлефон. 

Суд над гамельчуком быў закрыты, на ім не змаглі прысутнічаць нават сваякі.

Па іх словах, Заломскі кепска чуе нават са слыхавым апаратам. "Суду далі станоўчыя характарыстыкі і хадайніцтвы, каб далі максімум "хімію" і ён адпрацоўваў яе на заводзе. Вядома, самая галоўная праблема, што ён будзе ў калоніі, бо слыхавы апарат у яго забралі", — кажуць сваякі. Ёсць звесткі, што адбываць пакаранне ён будзе без слыхавога апарата.

Што менавіта гамяльчук пісаў у чатах, сваякі не ведаюць. 

Паведамляецца, што на Заломскага сілавікі, верагодна, выйшлі, калі праводзілі ператрусы ў работнікаў прадпрыемства "ВІПРА" — у людзей з праблемамі слыху таксама быў свой невялікі закрыты чат. Ператрусы і затрыманні адбываліся ў траўні 2021 года.

Дарэчы, людзі з праблемамі слыху ў Гомелі летась трапілі пад рэпрэсіі. Яшчэ да выбараў на адной з акцый былі затрыманыя глуханямыя браты Віталь і Андрэй Больбухі. Гэты выпадак трапіў на шматлікія відэа, пасля чаго тагачасны міністр унутраных спраў Юрый Караеў загадаў падначаленым папрасіць прабачэння ў братоў. Выбачаўся начальнік Гомельскага УУС Анатоль Васільеў.

У жніўні 2020-га на аўтобусным прыпынку быў затрыманы і збіты інвалід па слыху 23-гадовы Аляксандр. Па версіі міліцыі, ён "актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу, гучна выкрыкваў лозунгі: крычаў "Жыве Беларусь!". У верасні суд Чыгуначнага раёну Гомеля апраўдаў хлопца, палічыўшы яго віну недаказанай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.