Саакашвілі адмовіўся ад грамадзянства Літвы і расказаў пра блізкі захоп Беларусі

Саакашвілі адмовіўся ад грамадзянства Літвы і расказаў пра блізкі захоп Беларусі

Еўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус прапанаваў даць экс-прэзідэнту Грузіі Міхаілу Саакашвілі літоўскае грамадзянства.

“Мая прапанова звязаная з тым, што я шмат гадоў ведаю спадара Сакакашвілі, я цаню яго ўнёсак у праграму рэформ і зменаў у Грузіі. Ён зрабіў вялікую справу, і гэта вялікае дасягненне, што Грузія цяпер стаіць на еўрапейскім шляху. І дапамагчы палітыку, які ў такіх абставінах, як кажуць, застаецца на лёдзе, — задача кожнага палітыка. Каб стварыць больш прыдатныя ўмовы для працы і нармальнага жыцця такіх палітыкаў, якія ў сваім жыцці шмат чаго дамагліся”, — кажа ў каментары Еўрарадыё Пятрас Аўштравічус.

Сваю прапанову палітык агучыў 28 ліпеня, але адказ на яе Міхаіл Саакашвілі дае толькі падчас наведвання Вільні 8 жніўня. Экс-прэзідэнт Грузіі падзякаваў, але адмовіўся ад ідэі атрымаць літоўскі пашпарт.

“Не, я павінен вярнуць украінскае грамадзянства, яно было адабранае незаконна. Шмат украінцаў абураныя і адчуюць сябе кінутымі, калі я за іх не буду змагацца”, — заявіў Саакашвілі на мітынгу ля расійскага пасольства ў Вільні з нагоды 9-й гадавіны расійскага ўварвання ў Грузію.

Саакашвілі адмовіўся ад грамадзянства Літвы і расказаў пра блізкі захоп Беларусі
Міхаіл Саакашвілі і дэпутат Сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс на мітынгу ў Вільне 8 жніўня, фота https://www.facebook.com/SaakashviliMikheil/

А без жадання самога Саакашвілі Літва не можа даць яму сваё грамадзянства.

“Каб запусціць працэс, ён павінен звярнуцца да ўладаў Літвы з адпаведнай просьбай”, — кажа Пятрас Аўштравічус.

Нагадаем, грамадзянства Грузіі Міхаіла Саакашвілі было ануляванае ў 2015 годзе, калі ён прыняў прапанову прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі ўзначаліць Адэскую вобласць. 26 ліпеня 2017 года прэзідэнт Украіны сваім указам пазбавіў Міхаіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства. Па інфармацыі Міграцыйнай службы Украіны — за падман пры яго атрыманні. Нібыта Саакашвілі не паведаміў у анкеце, што знаходзіцца пад следствам. У той жа час у Грузіі Саакашвілі абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў у сувязі з разгонам мітынгу ў Тбілісі 7 лістапада 2007 года.

На момант падпісання Пятром Парашэнкам указу аб пазбаўленні Міхаіла Саакашвілі ўкраінскага грамадзянства экс-прэзідэнт Грузіі і экс-губернатар Адэскай вобласці знаходзіўся ў ЗША. І цяпер вандруе па свеце па сваім ўкраінскім пашпарце. Які ў яго забяруць, як толькі ён захоча вярнуцца ва Украіну, сцвярджаюць у Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.

“Пашпарт забіраецца, даецца адпаведная даведка на гэты конт, і гэтую асобу не прапускаюць праз дзяржаўную мяжу, бо ў дадзенага грамадзяніна няма дакументаў, неабходных для перасячэння мяжы”, — заявіў першы намеснік кіраўніка памежнай службы Васіль Сервацюк.

“Калі б такая сітуацыя ўзнікла, то яна б выглядала недарэчна і нават правакацыйна. Думаю, ёсць яшчэ магчымасць пазбегнуць такіх нікому не патрэбных сітуацый. Спадзяюся, што ўкраінскі бок будзе адкрыты судовым працэсам, да якіх спадар Саакашвілі гатовы — адстойваць сваё права ў судзе. І тут ужо не ўмяшальніцтва палітыкаў трэба. Тут ужо сама прававая сістэма павінная самастойна прыняць аб’ектыўнае і правільнае рашэнне”, — лічыць літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус.

Саакашвілі адмовіўся ад грамадзянства Літвы і расказаў пра блізкі захоп Беларусі
Пятрас Аўштравічус, фота Delfi.lt

Падчас абмеркаванняў рашэння Парашэнкі наконт украінскага грамадзянства Саакашвілі выказваліся меркаванні наконт магчымасці прыезду былога грузінскага лідара ў Беларусь. Але гэта выглядае малаверагодным на фоне заявы, якую робіць Саакашвілі 8 жніўня ў Вільні.

“Што мы бачым у Беларусі — я думаю, што Расія збіраецца заняць і анексаваць Беларусь. Падчас вучэнняў (Захад-2017 — Еўрарадыё) будзе прывезеная інфраструктура. Такім чынам, пагроза не знікла, яна толькі ўзрастае. Проста цяпер украінцы яе затрымліваюць ля сваіх межаў”, — заявіў Саакашвілі ў інтэрв’ю BNS.

У Вільні Міхаіл Саакашвілі быў толькі палову дня. У другой палове 8 жніўня ён выправіўся “ў адну з еўрапейскіх краін”. Куды дакладна, не паведамляецца. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі