Вы тут

Рыбная шматхадоўка. Як "Віталюр" атрымаў памяшканні "Акіяна" ў абыход аўкцыёну

Крама "Акіян" да закрыцця / TUT.by

У канцы 2020 года стала вядома, што крама "Акіян" на плошчы Перамогі адыходзіць да "Віталюра". Гарадскія чыноўнікі супакойвалі: ні фармат, ні ўласніка, ні арандатара крама не памяняе.

Тады высветлілася, што памяшканні "Акіяна" знаходзяцца ва ўласнасці дзяржавы, а юрыдычная асоба ТДА "Крама "Акіян" іх арандуе. У выпадку, калі гэта юрыдычная асоба адмаўляецца ад арэнды або ліквідуецца, памяшканні павінны быць выстаўлены на аўкцыён.

— "Акіян" не збіраецца адмаўляцца ад арэнды, як паведаміла мне яго дырэктарка. Да таго ж сам "Акіян" не можа здаць памяшканне іншай юрыдычнай асобе,расказвала ў пачатку студзеня 2021 года начальніца галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емяльянава.

Але раптам у красавіку 2021 года мы даведваемся, што ТДА "Крама "Акіян" знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі. А аўкцыёну па плошчах, якія займае "Акіян", не было! Ужо некалькі тыдняў крама ператвараецца ў чарговы "Віталюр", з яго сцен знялі легендарную луску.

Так крама выглядае ўнутры цяпер / Еўрарадыё

Як у гандлёвай сеткі атрымалася абысці правілы і атрымаць памяшканні ў абыход аўкцыёну?

Уладальнікі крамы правялі шматхадоўку. Яны ведалі, што калі проста ліквідуюць сваю юрыдычную асобу, то страцяць права на памяшканні на вуліцы Казлова. Таму прыдумалі выйсце — з ТДА "Крама "Акіян" у снежні 2020 года вылучылі яшчэ адну юрыдычную асобу, якая прыняла на сябе абавязкі арандатара.

У новай юрыдычнай асобы — ТАА "Крама Акіян №1" — тыя ж уладальнікі, адрас і дырэктар, а правапапярэднік — ТДА "Крама "Акіян". У канцы сакавіка 2021 года юрыдычная асоба была далучана да ТАА "Віталюр".

Мадэрнізацыя і звальненне персаналу

У снежні 2020 года стала вядома, што крама "Акіян" і злачняк "Дранікі вясковыя" (у народзе "Луска") закрываюцца. На іх месцы з'явіцца новы пункт сеткі "Віталюр".

Многіх усхваляваў лёс назвы крамы і самабытнага інтэр'ера. Шоўмен Дзяніс Дудзінскі адрэагаваў на гэта эмацыйным допісам у фэйсбуку: "Паспейце сфатаграфавацца, калі будзеце праходзіць міма". Была сабрана тысяча подпісаў пад петыцыяй за захаванне арыгінальнай назвы і інтэр'ера з луской.

Інфармацыя пра новы "Віталюр" на месцы "Акіяна" знікла з сайта кампаніі пасля першых публікацый у СМІ на гэту тэму. Пры гэтым "Віталюр" працягнуў шукаць супрацоўнікаў для яшчэ не адкрытай крамы па адрасе Казлова, 2, па якім размяшчаўся "Акіян".

За час "мадэрнізацыі" ўнутры "Акіяна" знялі "луску". Што з ёй будзе далей — невядома. У "Віталюры" Еўрарадыё расказалі, што "інтэр'ерныя рашэнні ў былой краме "Акіян" — у стадыі распрацоўкі. Як толькі інтэр'ер будзе ўзгоднены, мы зможам даць каментары". Пакуль што каментара няма.

На злітых рэндарах "Віталюра" луску арганічна ўпісалі ў інтэр'ер крамы. Рэндары — не праект, але калі ён будзе да іх падобны, то застаецца надзея, што з луской усё будзе ў парадку.

Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.