Роварны заезд па Мінску адменены, бо чыноўнікі патрабуюць спіс усіх удзельнікаў

Роварны заезд па Мінску адменены, бо чыноўнікі патрабуюць спіс усіх удзельнікаў

1 красавіка ў Мінску планавалі зладзіць масавы велашпацыр, прымеркаваны да старту акцыі “30 дзён на ровары”. 31 сакавіка арганізатары атрымалі ад Мінгарвыканкама дазвол на заезд. 

Але пад самы канец працоўнага дня чыноўнікі ўдакладнілі, што Мінскае роварнае таварыства (МРТ) мусіць скласці спіс усіх удзельнікаў пакатушкі: прозвішча, імя і імя па бацьку, дата нараджэння і нумар тэлефона. Гэта аргументавалі выкананнем існуючага заканадаўства і забеспячэннем грамадскага правапарадку.

Таксама з МРТ звязаліся прадстаўнікі міліцыі. Яны папярэдзілі, што збіраюцца прысутнічаць на старце і фінішы заезду — а магчыма, і непасрэдна падчас яго.

МРТ апытала раварыстаў у сацыяльных сетках: ці гатовыя яны да ўдзелу ў заездзе на такіх умовах. Высветлілася, што набіраецца менш за сотню ахвотных дзяліцца сваімі звесткамі з выканкамам. Велашпацыр давялося адмяніць, хаця ў таварыстве перакананыя, што зрабілі ўсё магчымае, каб ён адбыўся.

– Мы разумеем, што шпацыр не мог адбыцца пры выкарыстанні палітычнай сімволікі: мы планавалі растлумачыць гэта ўдзельнікам як у пастах у сацсетках, так і непасрэдна перад стартам заезду. Валанцёры мусілі б сачыць як за адсутнасцю палітычнай сімволікі, так і за выкананнем сацыяльнай дыстанцыі і наяўнасцю масак.

Але мы як арганізатары мерапрыемства супраць збору звестак пра ўдзельнікаў. Анлайн-рэгістрацыя для ўдзелу ў акцыі была зробленая максімальна простай і не патрабавала пазначэння звестак. Раней нас ніколі не прасілі збіраць звесткі ўдзельнікаў.

Роварны заезд па Мінску адменены, бо чыноўнікі патрабуюць спіс усіх удзельнікаў
Фэст "Viva Rovar-2019"

Нягледзячы на адмену заезду, 1 красавіка — першы дзень акцыі “30 дзён на ровары”. Яна будзе працягвацца ўвесь месяц. У гэты час Мінскае роварнае таварыства збіраецца ладзіць індывідуальныя актыўнасці для раварыстаў: квэсты і конкурсы.

Сутнасць акцыі ў тым, каб штодня карыстацца сродкам персанальнай мабільнасці: роварам, ролікамі, самакатам, манаколам, бегавелам. Яшчэ пажадана публікаваць фота пра гэта ў сацсетках. 

Акцыю “30 дзён на ровары” ўпершыню зладзілі дзесяць гадоў таму ў ЗША. Яна праводзіцца, каб нагадаць, што ездзіць на ровары можна ў любое надвор’е, а таксама што ровар — не толькі зручны варыянт для адпачынку, але і паўнавартасны транспарт для паездак па горадзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі