"Ролс-Ройс" адмовіўся супрацоўнічаць з БелАЗам. На чарзе завод Cummins?

Рухавікі ад "Ролс-Ройс" — стоп. Што далей? / Еўрарадыё
Рухавікі ад "Ролс-Ройс" — стоп. Што далей? / Еўрарадыё

Нядаўна брытанская кампанія "Ролс-Ройс Груп", якая супрацоўнічала з БелАЗам праз сваю нямецкую даччыную кампанію, заявіла пра тое, што спыняе адносіны з беларускім заводам. Брытанцы выпускаюць дызельныя рухавікі серыі MTU, якія выкарыстоўваюцца на кар'ерных самазвалах.

Але яшчэ запатрабаванымі рухавікамі, якімі камплектуюцца БелАЗы, ёсць маторы амерыканскай кампаніі Cummins. І, па пакуль непацверджанай інфармацыі, Cummins можа адмовіцца супрацоўнічаць з беларускім прадпрыемствам.

— Не ведаю наконт рухавікоў MTU, але ёсць чуткі на месцах, што пастаўкі ад Cummins пад пытаннем, — расказвае Еўрарадыё слесар механазборачных работ БелАЗа Аляксандр. — Трэба разумець, што MTU ставіцца на самазвалы значна радзей, чым Cummins. Пераважна стаяць менавіта Cummins: на мадэлях 7558, на трынаццатай серыі, 130-тонніках, на 240 тон таксама ставяць. Рухавікі вытворцаў ЯМЗ, WEICHAI, Scania ставяць на тыя самыя машыны, на якія ставяць і Cummins, у залежнасці ад камплектацыі. Але гэта адзінкавыя выпадкі.

А што, была дамова?

"У адпаведнасці з нядаўнімі санкцыямі ЕС, уведзенымі ў дачыненні да БелАЗа, з 22 чэрвеня 2021 года "Ролс-Ройс" спыніў усе аперацыі з БелАЗам і ўсякімі кліентамі, якія належаць або часткова належаць БелАЗу". Такі ліст прыйшоў на пошту Прафесійнага саюза беларусаў у Вялікабрытаніі ў адказ на скаргу аб парушэнні правоў працоўных на заводзе. Але ў аддзеле ідэалагічнай работы БелАЗа наогул здзіўленыя тым, што "Ролс-Ройс" спыняе супрацоўніцтва з заводам.

— У нас такой інфармацыі няма. І наколькі мы тут кампетэнтныя, то з "Ролс-Ройсам" у нас ніякіх абавязацельстваў няма. У іх жа легкавыя аўтамабілі, — адказваюць Еўрарадыё ідэолагі БелАЗа.

“Роллс-Ройс” отказался сотрудничать с БелАЗом. На очереди завод Cummins?
Пісьмовы адказ ад Rolls Royce PLC LRN / тэлеграм

"Практычней і прасцей выкарыстоўваць Cummins"

— На кожную машыну можна паставіць іншы матор, — тлумачыць работнік завода Аляксандр. — Пытанне ў тым, што гэта ўсё трэба па-канструктарску дапрацоўваць. Гэта ўсё час. Пакуль доследны ўзор збяруць, пакуль яго дапрацуюць, каб адправіць у серыю, — гэта ўсё праблематычна.

А як моцна адмена паставак ад Cummins і Rolls-Royce можа ўдарыць па БелАЗе? Ёсць жа і іншыя вытворцы. Напрыклад, яраслаўскі завод.

— Усё проста: спажывец не захоча браць машыны без надзейных рухавікоў. Адпаведна, адсюль зніжэнне продажаў і іншыя спадарожныя праблемы, — тлумачыць наш суразмоўца. — Дый сэрвіс у Cummins значна лепшы, чым ува ўсякай іншай кампаніі. Напрыклад, адгрузілі машыны з рухавікамі ад яраслаўскага ЯМЗ у Чылі. Там пачынаюцца праблемы: рухавік пасля абкаткі ламаецца. Прадстаўнікі едуць у Чылі, а ўсё гэта займае вельмі шмат часу. Рамонт БелАЗа, прастой тэхнікі — гэта вельмі вялікія грошы. Практычней і прасцей выкарыстоўваць Cummins, у якога сэрвіс па ўсім свеце.

Дарэчы, на сайце дзяржзакупак ёсць свежы тэндар ад БелАЗа на закупку 12 рухавікоў Cummins на суму $4 800 000.

“Роллс-Ройс” отказался сотрудничать с БелАЗом. На очереди завод Cummins?

Вось толькі хто прадасць маторы, калі сама кампанія раптам адмовіць у пастаўцы?

Еўрарадыё адправіла афіцыйны запыт ЗАТ "ТрансБудБел", афіцыйнаму дылеру Cummins у Беларусі. Як толькі атрымаем адказ — ці спынілі Сummins супрацоўніцтва з БелАЗам, — то адразу ж паведамім.

Яраслаўль не зможа замяніць Cummins. Нават калі захоча

Па словах белазаўца Аляксандра, самыя запатрабаваныя сёння мадэлі беларускіх самазвалаў — серыя 7513, 130-тоннікі і 90-тоннікі серыі 7558. 240-тонныя машыны таксама папулярныя. Ці здольны расійскі ЯМЗ у выпадку чаго закрыць нястачу ў пастаўках матораў для цяжкавагавікоў?

— Мы не пярэчым наконт паставак, быў бы зварот з боку БелАЗа, — адказвае Еўрарадыё Аляксей Каробкін, начальнік упраўлення продажаў ЯМЗ. — Але ў нас, на жаль, магутнасць рухавікоў не дазваляе закрыць усю магутнасную лінейку кар'ерных самазвалаў, якія вырабляюцца на БелАЗе. Там цяпер машыны, грузападымальнасць якіх звыш 60 тон, і на бягучы момант гэта не наш магутнасны дыяпазон. У нас такіх матораў пакуль няма, таму нам будзе цяжкавата. Але ў кожным разе ў тым магутнасным дыяпазоне, у якім у БелАЗа ёсць патрэба, мы з радасцю гатовыя прыняць гэты аб'ём і закрыць яго.

“Роллс-Ройс” отказался сотрудничать с БелАЗом. На очереди завод Cummins?
Яраслаўскі завод / sdsyar.ru

Вяртаемся да пытання пра канкурэнцыю. Пытаемся ў Аляксея: якія маторы якаснейшыя — ЯМЗ або Cummins?

— Ламаюцца і Cummins, і ЯМЗ, вечных рухавікоў не бывае, — тлумачыць Еўрарадыё менеджар. — Цяжка меркаваць, паколькі паўнавартасных выпрабаванняў у гэтай катэгорыі магутнаснага дыяпазону, наколькі я ведаю, БелАЗ не праводзіў. І меркаванні пра якасць асобнымі спажыўцамі могуць выказвацца асобна. Але вось, напрыклад, "Растсельмаш" кажа, што ўзровень дэфектнасці ў нас на адным узроўні з Cummins.

Так, у нас ёсць сэрвіс у краінах СНД. Натуральна, што мы прадпрыемства, якое працуе з савецкіх часоў, і максімальнае распаўсюджанне нашы рухавікі атрымалі ў постсавецкіх краінах. Але калі ёсць кліент за мяжой, які будзе сістэматычна выкарыстоўваць наш рухавік, то мы гатовыя размаўляць пра арганізацыю сэрвісу ў месцы, дзе будзе засяроджаны парк нашых рухавікоў.

Нагадаем, што еўрапейскія санкцыі супраць МАЗа і БелАЗа былі прынятыя Еўрасаюзам 21 чэрвеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі