Вы тут

Рэзідэнтаў ПВТ абавязалі ўсталяваць чырвона-зялёныя сцягі на сваіх будынках

Плакат пра сцягі на вулічнай акцыі ў Мінску / Фота: Еўрарадыё

Рэзідэнты Парку высокіх тэхналогій павінны ўсталяваць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь на дахах сваіх будынкаў. Такое абавязацельства прапісана ў лісце адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска кампаніям-удзельнікам ПВТ, якое трапіла ў рэдакцыю dev.by.

У лісце спасылаюцца на рашэнне Мінгарвыканкама, у якім сцвярджаецца план дадатковых мер па забеспячэнню грамадскага парадку і бяспекі, дысцыпліны, навядзення парадку на тэрыторыі г. Мінска. У спісе мер — "арганізацыя работы па папулярызацыі і размяшчэнні дзяржаўнай сімволікі". Тэрмін выканання "пастаянна".

У ПВТ пацвердзілі сапраўднасць лісты: "Так, такі ліст ёсць. Мы атрымалі зварот з адміністрацыі Першамайскага раёна. І на яго падставе накіраваныя лісты на рэзідэнтаў Парку", — прыводзіць каментар dev.by.

З ліста незразумела, які менавіта артыкул закона "аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь" рэгулюе гэтую меру.

Але адзначым, што ў апошні час пачалася трансфармацыя заканадаўства ў дачыненні сцягоў. 14 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў новую рэдакцыю Адміністрацыйнага кодэкса. Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі тады напісаў, што акрамя штрафаў за "незаконныя масавыя мерапрыемствы "ў ім прадугледжаная"адказнасць за выкарыстанне забароненай сімволікі". Верагодна, "забароненай сімволікай" тут назвалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

Таксама па непацверджанай інфармацыі ў бліжэйшы час плануюцца змены ў "Закон аб афіцыйных геральдычных сімвалах". У артыкул "Аб ахове афіцыйных геральдычных сімвалаў" дададуць забарону на выкарыстанне знакаў "накіраваных па свайму зместу на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, маральнасці, правам і свабодам іншых грамадзян".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.