"Рэйкавы партызан": гэта было выказванне пратэсту нашага асабістага

На тэлеканале "Беларусь 1" выйшаў сюжэт, прысвечаны асуджаным у Бабруйску "рэйкавым партызанам" Канстанціну Ермаловічу (16 гадоў пазбаўлення волі), Віталю Мінкевічу (15 гадоў пазбаўлення волі) і Ігару Казлову (14 гадоў пазбаўлення волі). Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Дзяржаўная прапагандыстка Ксенія Лебедзева засталася незадаволеная адказамі "рэйкавых партызан" на яе пытанні.

У Ермаловіча яна цікавілася яго палітычнымі ідэаламі і тым, дзеля каго ці чаго ён можа правесці 16 гадоў за кратамі. "Калі сказаць максімальна коратка, гэта быў выраз пратэсту нашага асабістага датычна таго, што мы не згодныя з тым, што адбываецца, — адказаў Канстанцін Ермаловіч. — Гэта не было дзеля кагосьці, дзеля апазіцыі ці кагосьці яшчэ — я іх не ведаю там большасць. Мне не настолькі гэта цікава".

"Рэйкавых партызан" прызналі вінаватымі ў акцыях жніўня-верасня 2021-га: падкладанні прадмета, падобнага на выбуховае прыстасаванне (муляжа), на чыгунку пад Бабруйскам і каля "Табакеркі" ў горадзе, а таксама ў спальванні стралковага ціра сілавікоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.