"Рэйкавага партызана", які затрымаў рух 39 цягнікоў, асудзілі на 13 гадоў

"Рэйкаваму партызану" прысудзілі 13 гадоў / БЕЛТА
"Рэйкаваму партызану" прысудзілі 13 гадоў / БЕЛТА

Мінскі абласны суд асудзіў 40-гадовага "рэйкавага партызана" з Мінскага раёна. Яму прысудзілі 13 гадоў калоніі асаблівага рэжыму, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Мужчыну вінавацілі ў тэрарызме, незаконным захоўванні агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, наўмысным пашкоджанні сродкаў сігналізацыі ды іншага транспартнага абсталявання і публічнай абразе Лукашэнкі.

У пракуратуры кажуць, што ў ноч з 24 на 25 сакавіка 2022 года спаліў рэлейную шафу на чыгуначным перагоне Навасады-Барысаў каля вёскі Стайкі Барысаўскага раёна. У выніку затрымаліся 22 грузавыя і 17 пасажырскіх цягнікоў. Падчас ператрусу ў "рэйкавага партызана" знайшлі два пісталеты і боепрыпасы да іх. Таксама следчыя знайшлі тры паведамленні ў інтэрнэце, у якіх былі абразы Лукашэнкі.

У "рэйкавага партызана" таксама канфіскавалі аўтамабіль Peugeot Partner і мабільнік iPhone.

У лютым-сакавіку 2022-га "рэйкавыя партызаны" выводзілі з ладу сродкі сігналізацыі і кіравання чыгункі. У выніку эшалоны з расійскімі войскамі і боепрыпасамі, якія ішлі на Украіну на пачатку агрэсіі, затрымліваліся ў дарозе.

Як удакладняюць праваабаронцы "Вясны", гаворка ідзе пра Віталя Мельніка. Раней паведамлялася, быццам яму прысудзілі 16 гадоў калоніі. Пры затрыманні Мельніку прастрэлілі калені.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі