Reuters: Партнёр расійскага алігарха аддаваў нерухомасць меркаванай дачцэ Пуціна

Reuters: Партнёр расійскага алігарха аддаваў нерухомасць меркаванай дачцэ Пуціна

Бізнэсмэн Рыгор Баеўскі, які быў партнёрам алігарха Аркадзя Ратэнберга, перадаваў дарагую нерухомасць некалькім жанчынам, якіх звязваюць з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Пра гэта заяўляе агенцтва Reuters, спасылаючыся на наяўныя ў адкрытым доступе дакументы.

Сярод гэтых жанчын называюць сваячак экс-дэпутата Дзярждумы Аліны Кабаевай, якой СМІ прыпісвалі любоўную сувязь з Пуціным. Таксама ў спісе фігуруе дзяўчына, якая пазіравала для календара, выпушчанага да дня нараджэння Пуціна.

Сувязь бізнэсоўца Баеўскага з блізкім асяроддзем Пуціна выявіў журналіст Раман Анін. Яго расследаваннем для Цэнтра па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці (Organized Crime and Corruption Reporting Project) скарысталася пры падрыхтоўцы сваёй публікацыі агенцтва Reuters.

Чацвёртая жанчына ў спісе — Кацярына Ціханава, якую расійскія СМІ лічаць малодшай дачкой Уладзіміра Пуціна. Паводле звестак Reuters, яна ўказвала адрас кватэры, якая належыць Баеўскаму, як свой уласны пры рэгістрацыі новай кампаніі.

Па звестках журналістаў, Баеўскі перадаў або прадаў гэтым жанчынам нерухомасць у прэстыжных комплексах у Маскве і па-за яе межамі. У Крамлі падрабязнасці асабістага жыцця Уладзіміра Пуціна традыцыйна не каментуюць, адзначае Бі-Бі-Сі.

Баеўскі вёў бізнэс з братамі Ратэнбергамі з 2011 года. Ён працаваў кіраўніком на адным з інвестыцыйных прадпрыемстваў сябра Пуціна Аркадзя Ратэнберга.

Дарэчы, у панядзелак, 28 сакавіка, прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, быццам за мяжой рыхтуюцца інфармацыйныя ўкіды, накіраваныя супраць кіраўніка Расіі ды яго атачэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі