Вы тут

Рэстаратар Вадзім Пракоп'еў прадаў долі ва ўсіх установах і з'язджае з Беларусі

Вадзім Пракоп'еў (злева) / Аляксей Рыбалка, the-village.me

Рэстаратар Вадзім Пракоп'еў прадаў усе свае долі ва ўсіх беларускіх установах і з'язджае ў Сінгапур, дзе плануе з партнёрамі адкрыць бар. "Здзелка магла б быць больш выгаднай, але відавочна, што цяпер не лепшыя часы для продажу”, — расказаў ён у інтэрв'ю relax.by.

Свой ад'езд Вадзім Пракоп'еў лічыць чаканым — ён усё жыццё хацеў адкрыць рэстаран за мяжой:

"Такая перспектыва ў мяне з'явілася ў сакавіку: тады ж я лётаў у Сінгапур, каб вывучыць рынак... я заўсёды хацеў трапіць у англамоўнае асяроддзе. Сінгапур мне падабаецца ўсім, акрамя клімату: занадта высокая вільготнасць. Але там дзіўна цікавы рынак! Мяне заводзіць тое, што гэта канкурэнтнае асяроддзе".

Будучы сінгапурскі бар будзе па атмасферы падобны да кавярні "Pelican": "Мы паглядзелі тры памяшканні і цяпер чакаем, што з-за пандэміі арэнда трохі ўпадзе, таму што ў Сінгапуры яна вельмі дарагая. Для разумення: двухпакаёвая кватэра ў цэнтры абыйдзецца ў $4 500 у месяц", — распавёў Пракоп'еў.

Напачатку траўня 2020 года Пракоп'еў запісаў круты зварот да беларускіх растаратараў з прапановай аб'ядноўвацца. Яго вынікам стала стварэнне Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі:

У чацвер, 2 ліпеня, быў абраны новы кіраўнік Асацыяцыі рэстаратараў Беларусі — Наталля Садоўская. Да гэтага аб'яднаннем рэстаратараў кіраваў Пракоп'еў. Прызначэнне новага кіраўніка ён звязвае не толькі са сваім ад'ездам:

"Я абяцаў першыя тры месяцы быць добраахвотным, бясплатным старшынёй і сваю працу сумленна зрабіў. На пасяджэнні нават не было асаблівых дыскусій, Наталля выдатна падышла як кандыдатура. Па-першае, яна разумее наш боль, таму што сама рэстаратар. Па-другое, пажадана, каб Асацыяцыяй кіравала публічная асоба. І яшчэ лепш, калі гэта будзе твар з вокладкі "Vogue". У гэтым ёсць трошкі soft рower". 

У кіраўніка Асацыяцыі шмат клопатаў, лічыць Вадзім Пракоп'еў: з аднаго боку ў яго ёсць члены Асацыяцыі, якім трэба спадабацца і выклікаць давер. З іншага боку — зносіны з чыноўнікамі і рознымі дзяржслужбамі: 

"І тут самы складаны момант, таму што чалавек павінен быць дасведчаны ў нашым адміністрацыйным асяроддзі, увайсці ўжо з карыснымі сувязямі. Напрыклад, я апошнія 10 гадоў сябрую з Уладзімірам Калтовічам [Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю. — Еўрарадыё], і ён максімальна дапамагае Асацыяцыі. У Наталлі такіх сувязей крыху больш, таму спадзяёмся, што справа пойдзе яшчэ лягчэй".

Вадзім Пракоп'еў быў саўладальнікам пяці рэстаранаў і бараў, у тым ліку "News Café", "Grand Café", "Bistro de Luxe" і "Tapas bar". Браў удзел у стварэнні нашумелага клуба "Blondes & Brunettes".
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.