Вы тут

Рэпрэсіі не прынясуць беларускім уладам легітымнасці — кіраўнік МЗС Францыі

У Парыжы адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай і кіраўніка МЗС Францыі Жан-Іва Ле Дрыяна / @tsikhanouskaya

Рэпрэсіі і спробы дэстабілізаваць сітуацыю не прынясуць беларускім уладам легітымнасці. Гэта заявіў міністр замежных спраў Францыі Жан-Іў Ле Дрыян у відэакаментары, які ён запісаў па выніках сустрэчы са Святланай Ціханоўскай. Сустрэча адбылася напярэдадні ў Парыжы.

Легітымнасць у беларускіх уладаў, паводле яго слоў, "можа з'явіцца толькі ў выніку палітычнага дыялогу і правядзення свабодных і справядлівых выбараў пад міжнародным назіраннем".

Кіраўнік французскага МЗС адзначыў, што праз сустрэчу з Ціханоўскай хацеў бы перадаць беларускаму народу палітычнае пасланне салідарнасці. І гэтую салідарнасць выказваюць, з ягоных слоў, "і астатнія еўрапейцы ў сувязі з рэпрэсіямі з боку ўладаў у Мінску, якія толькі ўзмацніліся за апошні год".

Жан-Іў Ле Дрыян казаў і пра інцыдэнт з самалётам Ryanair, і пра міграцыйны крызіс. Ён адзначыў, што "французская тэхніка разгорнутая ў Літве, каб дапамагчы нашым партнёрам справіцца з гэтым нелегальным перамяшчэннем".

У праграме візіту Святланы Ціханоўскай у Парыж — таксама сустрэчы з прэзідэнтам Канстытуцыйнай рады Ларанам Фабіусам, мэрам Парыжа і кандыдатам у прэзідэнты Францыі Ан Ідальго, прадстаўнікамі парламента.

Літоўская дыпмісія ў Францыі прывітала Ціханоўскую нацыянальным сцягам. Ён быў вывешаны на балконе амбасады.

Святлана Ціханоўская і амбасадар Літвы ў Францыі Нерус Алексеюнас / @tsikhanouskaya

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.