Zorge назвалі беларусаў "самай крыважэрнай нацыяй" і выйшлі на 2 бісы

Еўрарадыё ў поўным
складзе закахалася ў гурт Zorge падчас інтэрв’ю з Яўгенам Фёдаравым. Ён тады
паставіў беларусам дасціпны дыягназ — “дэпрэсію па той бок Cкайпа”.
Высветлілася, што закаханых ў Zorge беларусаў шмат. Прычым,яны прыехалі на
канцэрт з усіх куткоў нашай невялікай краіны.
“Яны чарговы раз
прымусілі дакрануцца да чароўнага, — не хавае эмоцый лідар гарадзенскага гурта
“Любимая вредная привычка” Яўген Нікіцін. — Часцей бы яны прыязджалі сюды, таму
што вельмі бедна, вельмі бедна менавіта на такія эмоцыі — эмоцыі шчырыя, станоўчыя,
якія дапамагаюць далей рухацца і жыць”.
Яўген Нікіцін
Zorge былі ў Мінску
ўпершыню. Хваляваліся. Але дарма. Новыя песні Фёдарава&Co спявала добрая
палова залы. Мінскі канцэрт дапамог зразумець істотнае многім прыхільнікам
Tequilajazzz — папярэдняга гурта Яўгена Фёдарава.
“Гэта тая ж ідэя,
але ў іншай плоскасці, — тлумачыць адрозненне паміж “Тэкілай” і Zorge Яўген
Нікіцін. — У маім асабістым знаёмстве з Tequilajazzz ужо ўсё было зразумела. А
з Zorge было зразумела яшчэ не да канца. А цяпер усе кропкі расставіліся над
“і” — гэта шыкоўны гурт!”
Zorge пачалі з новага. Яны падаваліся камянямі, якія не могуць зрушыць стагоддзі. Яны скаралі з кожнай незнаёмай нотай і сцвярджалі ў любімых мелодыях. Музыкі здолелі падпарадкаваць сабе нават акустыку клуба Re:Public. Яны цудоўна адстроілі для сябе гук.
“Ніколі не быў
прыхільнікам Tequilajazzz — я не сачыў за гэтым гуртом, і гурт Zorge я ніколі
не чуў раней, — кажа Аляксей Кутузаў ці DJ I.F.U., які радасна пратанчыў увесь
канцэрт. — Мяне сюды прыцягнулі сябры, і я вельмі гэтаму рады, таму што я шчыра
афігеў! Zorge апынуліся вельмі крутымі, і з унікальным матэрыялам! Факт! Мне
вельмі спадабалася, і гэта адзін з маіх улюбёных расійскіх гуртоў на дадзены
момант. Я зразумеў сёння ўжо, хаця я рускія гурты не надта і люблю”.
DJ I.F.U.
На канцэрт Zorge прыйшла добрая частка мінскага бамонду. Алесь Плотка апынуўся ярым прыхільнікам гурта
Уладзімір Казлоў з гурта Re1ikt
Натуральна, мы
чакалі, калі Фёдараў пачне гаварыць. Прычым,скажа нешта такое, што падтрымае
добрым словам беларускую “дэпрэсію па той бок Скайпа”. Але ён маўчаў. Казаў
“дзякуй” і напаўняў нашы вены, падавалася, самай правільнай музыкай у свеце.
“Гурт мяне весяліць
ужо шмат-шмат гадоў, пачынаючы з таго, як ён быў Tequilajazzz, граў хэві-метал,
вельмі сур’ёзны хэві-метал, потым стаў лягчэць, але пакідаў свой цудоўны саўнд,
сваю мелодыку, — распавядае даўнішняя прыхільніца гурта Юля. — І, нягледзячы на
тое, што яны змяняюць назвы — вось, цяпер Zorge — гэта яны і ёсць, і гэта
выдатна!”
А потым здарыўся
першы “біс”, і Фёдараў сказаў, што хваляваўся і нават не спаў ноч. І надзея на
тое, што мінскі канцэрт пройдзе на “ура” з’явілася толькі пасля самалёту, калі
музыкаў павезлі ў рэстаран. Zorge адыгралі тры песні. І сышлі. І зноў усе
крычалі: “Zorge”, і зноў Zorge выйшлі. З гэтай нагоды Фёдараў паставіў нам яшчэ
адзін дыягназ “самай крыважэрнай нацыі” і зацягнуў “Зимнее солнце”.
“Мы павесяліліся і
засумавалі, таму што гэта старая школа, таму што з гэтага ўсё пачыналася, —
падвёў рысу пад пачутым бас-гітарыст IQ48 Улад Плюшчаў. — Насамрэч, яны
прасунулі беларускую музыку ў еўрапейскія межы — шматлікія беларускія музыкі
былі іхнімі прыхільнікамі. Гурт унікальны, ён паўплываў на многія беларускія
гурты”.
Яўген Бузоўскі і Ўлад Плюшчаў
На апошніх хвілінах
“Зимнего солнца” у залу ўварваўся гурт Drum Ecstasy поўным складам. Хацелі
пачуць Zorge, а пачулі “Зимнее солнце”. Ну і правільна. Zorge — гэта працяг
Tequilajazzz. Tequilajazzz памаладзелы. Вось так.
Пасля выступу Фёдараў доўга размаўляў з прыхільнікамі, раздаваў аўтографы і сваё святло мінчукам
Усе фотаздымкі з канцэрта глядзі тут.