Жыхары непрыватызаваных кватэр спяшаюцца выкупіць іх у дзяржавы

Спецыялісты па прыватызацыі жылля ў шоку: раптоўна вялікая колькасць людзей пажадалі прыватызаваць свае кватэры. Такое жаданне сёння выказваюць нават тыя, хто раней лічыў гэта непатрэбным, скардзіцца Еўрарадыё спецыяліст па прыватызацыі Мазырскага райвыканкама Валянціна Мікалаеўна.

Валянціна Мікалаеўна: “Гэта нейкі жах! Так шмат жадаючых! Мы таксама думалі, што застаўся невялікі адсотак (непрыватызаванага жылля — Еўрарадыё), але гэты адсотак проста пайшоў натоўпам. Мы не спраўляемся — столькі народу! Мы прымаем за адзін прыёмны дзень па 40 заяў. Гэты нейкі жах!”

А ўсё з-за таго, што па Мазыры паўзуць чуткі аб хуткім заканчэнні прыватызацыі. Супрацоўнікі выканкама ўжо звярнуліся да жыхароў горада праз СМІ, патлумачылі, што гэта не праўда. Але людзі ўсё адно нясуць заявы на прыватызацыю.

Не абыйшоў “прыватызацыйны" ажыятаж і сталіцу. Паводле слоў спецыяліста па прыватызацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна, штомесяц на разгляд выканкама яны выносяць звыш за 200 заяў.

Тое, што гэта толькі чуткі і прыватызацыя жылля будзе працягвацца, пацвярджае Еўрарадыё і кансультант упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖКГ Канстанцін Кулікоў.

Канстанцін Кулікоў: “Ніякіх пытанняў аб заканчэнні тэрмінаў прыватызацыі альбо заканчэнні абароту чэкаў “Жыллё” ў міністэрстве не разглядалася і ніякіх даручэнняў на гэты конт не давалася”.

А тут яшчэ штомесяц прыватызацыя даражэе.

Валянціна Мікалаеўна: “Ён жа пастаянна даражэе (кошт прыватызацыі — Еўрарадыё), і нашмат. Калі ён быў у 2007 годзе падлічаны, то на сённяшні дзень гэта ў 2 разы даражэй. І кожны месяц ідзе падаражэнне. Бо кошт вылічваецца на дзень падачы заявы. Калі чалавек падаў заяву ў чэрвені, то лічылася на чэрвень, калі ў ліпені — на ліпень. І бярэцца кошт будаўніча-мантажных работ — гэтыя каэфіцыенты друкуюць у газеце. І, да прыкладу, жнівеньскі каэфіцыент у параўнанні з ліпеньскім вельмі вялікі даў скачок. А да гэтага ішоў паціху”.

Еўрарадыё: “І на колькі адсоткаў скокнуў?”

Валянціна Мікалаеўна: “На 30 амаль за адзін месяц”.

Кошт прыватызацыі кожнай кватэры вылічваецца асобна. Залежыць гэта не толькі ад каэфіцыента коштаў мантажна-будаўнічых прац, але і ад метражу жылой плошчы, года пабудовы дома, паверху, на якім кватэра знаходзіцца, і гэтак далей. Але, кажа спецыяліст па прыватызацыі, сёння за афармленне жылля ва ўласнасць мазырчанам даводзіцца плаціць ад 10 мільёнаў і вышэй.

У Мінску кошты “крыху” вышэйшыя. Ва Фрунзенскім раёне прыватызаваць жыллё каштуе ад 15 да 200 мільёнаў рублёў.

Спецыяліст па прыватызацыі Фрунзенскага раёна: “Усё жыллё ў нас у Фрунзенскім раёне каштуе ад 15 і вышэй”.

Еўрарадыё: “Ад 15 і да колькі?”

Спецыяліст па прыватызацыі Фрунзенскага раёна: “І да 200 мільёнаў можа быць”.

Еўрарадыё: “І што гэта за кватэры такія?”

Спецыяліст па прыватызацыі Фрунзенскага раёна: “Гэта ў нас новыя дамы ў Сухараве. Там такія характарыстыкі!..”

Як даведалася Еўрарадыё, ёсць і яшчэ адна прычына, якая вымушае людзей спяшацца з прыватызацыяй. Пэўны час таму ў СМІ з’явілася інфармацыя наконт будучай аплаты за непрыватызаванае жыллё. Са спасылкай на цяпер ужо былога міністра ЖКГ Уладзіміра Белахвостава, заяўлялася, што паводле новага Жыллёва-камунальнага кодэкса, які плануецца прыняць у 2012 годзе, жыхары непрыватызаваных кватэр будуць плаціць арэндную плату дзяржаве за карыстанне жыллём. Якую — невядома, але гэтая інфармацыя ўзрушыла людзей.

Згодна са словамі супрацоўніка Міністэрства ЖКГ Канстанціна Кулікова, у праекце новага Жыллёвага кодэкса сапраўды ідзе гаворка пра плату “за наём” для жыхароў непрыватызаванага жылля. І падатак на ўласнасць — для ўласнікаў жылля. Але казаць, што гэтыя нормы пачнуць дзейнічаць пасля ўвядзення новага кодэкса, не даводзіцца.

Канстанцін Кулікоў: “Сёння нашы грамадзяне аплачваюць менш за 30% ад кошту камунальных паслуг — астатняе датуецца дзяржавай. І пакуль гэтае перакрыжаванае субсідзіраванне не адменяць, а адмяніць яго могуць, толькі калі грамадзяне будуць аплачваць гэтыя паслугі на 100%, то я не ўяўляе сабе, калі гэты будзе пры сённяшняй інфляцыі. Таму сёння казаць, што будуць плаціць гэтую плату за наём — зарана”.

Тым больш, што пакуль спецыялісты міністэрства не пралічвалі магчымага ўзроўню гэтай платы. Як, прынамсі, не вядомы і ўзровень будучага падатку на ўласнасць.

Канстанцін Кулікоў: “Наймальнікі будуць аплачваць за наём, а ўласнікі будуць плаціць падатак на нерухомасць, на ўласнасць. І што з іх будзе больш — невядома”.

А таму, кажа Кулікоў, яшчэ не вядома, што будзе выгадней: браць "у наём" непрыватызаваную кватэру ў дзяржавы ці плаціць падатак на ўласнасць за прыватызаваную.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі