Жанчын у Беларусі дыскрымінуюць?

Кожны чацвёрты лічыць, што жанчына павінна сядзець дома і выхоўваць дзяцей. Такія вынікі апытання праведзенага міжнароднай даследчай групай Іпсас у 23 краінах свету з нагоды Міжнароднага жаночага Дня. Парадаксальна, найбольш прыхільнікаў такога погляду знайшлося сярод моладзі 15-34 гадоў, а не старэйшага, больш традыцыйнага пакалення. 
Самая вялікая колькасць жадаючых пакінуць жанчыну дома (больш за 50%) – у Індыі, Турцыі і Японіі. Расія разам з Кітаем і Венгрыяй знаходзіцца на 4 месцы рэйтынгу. У гэтых краінах 34% апытаных лічаць, што месца жанчыны – на кухні. А вось прыкладам цалкам роўнага стаўлення да абодвух палоў паказалі Францыя, Мексіка і Аргенціна. 91% удзельнікаў апытання ў гэтых краінах лічыць, што жанчына павінна выбіраць сама, чым ёй займацца ў жыцці. 
Хоць беларусы не ўдзельнічалі ў апытанні Іпсаса, праблема роўнасці палоў для нас з’яўляецца не менш актуальнай, патлумачыла Еўрарадыё вядучы сацыёлаг лабараторыі “Новак” Надзея Яфімава. Каля 50% ўдзельнікаў апошняга сацыялагічнага апытання лічыць, што жанчын у Беларусі дыскрымінуюць.
Надзея Яфімава: “Каля паловы насельніцтва, незалежна да таго, мужчыны гэта ці жанчыны, прытрымліваюцца такога погляду, што юрыдычна жанчынам забяспечылі пэўныя правы і ў сферы працы, і ў сферы ўдзелу ў палітыцы, і ў дзяржаўным кіраванні, але фактычна ў жанчын менш правоў і магчымасцяў”.
Толькі траціна жанчын лічыць, што іх правы ў сферы працы роўныя з мужчынамі. А вось сярод мужчынаў так мяркуе амаль кожны другі (46,5%). Што тычыцца сферы палітыкі, высокіх пасадаў і дзяржаўнага кіравання, то на думку 52% жанчын раўнапраўе палоў ― гэта фікцыя. Нязгодныя з імі  46% мужчынаў, якія лічыць, што  правы жанчын насамрэч шануюцца, даведалася Еўрарадыё ад Надзеі Яфімавай.
Надзея Яфімава:Мужчыны ў большасці выпадкаў лічаць, што паміж жанчынамі і мужчынамі ёсць роўнасць, і фактычная, і юрыдычная. Жанчыны лічаць, што гэтыя правы ёсць толькі на паперы, зафіксаваныя юрыдычна,а фактычна не выконваюцца. І жанчыны ў правах няроўныя з мужчынамі”.
Больш за палову беларускіх жанчын (51%) хацела б увядзення для сябе колькасных квотаў у прадстаўнічыя органы ўлады на ўсіх ўзроўнях. А вось сярод мужчын меркаванні падзяліліся: 42% апытаных выказаліся за квоты для жанчын і роўна столькі ж – супраць. 
У групе праціўнікаў квот знайшоўся і Павал Севярынец, сустаршыня партыі БХД.
Павал Севярынец: “Калі жанчына дамагаецца чагосьці, то няхай робіць гэта без квотаў. Сказаў Лукашэнка, каб было 30% жанчын у парламенце, і вось іх 31% у парламенце. Я лічу, што гэта няправільна. Гэта штучна. Ды і каму лепш ад гэтага прымусовага адміністрацыйнага ўпарадкавання”.
На думку Паўла Севярынца, Бог стварыў мужчыну і жанчыну рознымі, і кожны з іх маю сваё пакліканне і сацыяльную ролю, а ўраўноўваць іх “штучна і бессэнсоўна”. У эфіры “Радыё Свабода” палітык выказаў меркаванне, што з пэўнымі рэчамі мужчына спраўляецца лепш, напрыклад крызісным кіраваннем. Жанчына ў сваю чаргу з’яўляецца “галоўнай у выхаванні дзяцей і стварэнні хатняй утульнасці”. А добрыя лідэры жаночага полу ў беларускай рэчаіснасці гэта рэдкасць, кажа Павал Севярынец.
Павал Севярынец:Некаторыя жанчыны могуць дамагчыся значна большага поспеху, чым мужчыны. Тут усім вядомыя яскравыя прыклады Ангелы Меркель, і Юліі Цімашэнка і гэтак далей. Але ў Беларусі гэта хутчэй выключэнне, чым правіла. І нейкая логіка ў гэтым ёсць”.
Катэгарычна нязгодная з пазіцыяй сустаршыні БХД віцебская актывістка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Карач. На яе думку, падобнымі выказваннямі Павал Севярынец абражае не толькі жанчын з актыўнай грамадскай пазіцыяй, а перад усім – сваіх калег-палітыкаў.
Вольга Карач:Я ведаю шмат жанчын, якія ўдзельнічаюць у палітыцы, і шмат чаго робяць, каб Беларусь стала дэмакратычнай дзяржавай. І гэта не з-за таго, што побач няма мужыкоў,а з-за таго, што яны лічаць свой удзел і свае погляды важнымі. Мы павінны будаваць Беларусь разам, а не так, што мужыкі будуюць Беларусь, а жанчыны будуюць сям’ю”.
Фота: askwoman.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі