ЗG перашкодзіў развіццю WI-FI у Беларусі?

Пра тое, якія змены адбыліся ў беларускім інтэрнэце за апошні год, Еўрарадыё гутарыла з кіраўніком праекта Gemius у Беларусі Міхаілам Дарашэвічам.

Еўрарадыё: Прайшоў амаль год з нашага мінулага інтэрв’ю. Тады вы расказвалі, што тыповым карыстальнікам Інтэрнэту ў Беларусі з’яўляецца студэнт, які жыве ў сталіцы і выходзіць у інтэрнэт з дому. Да таго ж, у асноўным – гэта сем’янін, не адзіночка… Ці змянілася што за гэты год? Што новага паказваюць даследаванні?

Міхаіл Дарашэвіч: Па ўзросце і сацыяльным статусе за год зменаў не адбылося. Але істотна павялічылася колькасць карыстальнікаў. І што яшчэ больш важна – людзі сталі больш карыстацца інтэрнэтам. Гэта значыць, што на тых сайтах, якія ўдзельнічаюць у нашым даследаванні, людзі праглядаюць больш старонак, праводзяць больш часу – чытаюць больш матэрыялаў, больш камунікуюць паміж сабой, больш выкарыстоўваюць інтэрнэт у сваім штодзённым жыцці.

Беларусы сталі больш карыстацца інтэрнэтам. З чым гэта звязана?

Інфраструктура за гэты год працягвае развівацца. Нацыянальны аператар некалькі разоў зніжаў кошты для карыстальнікаў. У рэгіёнах людзі досыць спакойна могуць падключыцца да інтэрнэту. У Мінску былі перыяды, калі ў людзей было такое вялікае жаданне падключыцца, што не было тэхнічных магчымасцяў гэта зрабіць.

Сёлета адбыліся яшчэ вельмі важныя змены – амаль удвая ўзрасла колькасць людзей, якія карыстаюцца інтэрнэтам пры дапамозе мабільных сродкаў сувязі. Вядома, хацелася, каб расла колькасць карыстальнікаў старэйшых за 55 гадоў, але за гэты год тут зменаў не адбылося. Медыяпісьменнасць – адна з самых сур’ёзных і актуальных праблем для нашай краіны.

На колькі ўзрасла колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў?

У чэрвені мінулага года было 2,9 мільёна людзей ва ўзросце 15 гадоў і вышэй, якія прынамсі раз у месяц карысталіся інтэрнэтам. Цяпер у сакавіку такіх людзей стала 3 мільёны 88 тысяч. Гэта значыць, што інтэрнэт-карыстальнікаў стала больш практычна на 200 тысяч.

Яшчэ трэба не забываць, што большасць прафесій у Беларусі не звязаныя з інтэрнэтам, таму цяжка чакаць, што людзі будуць яго наведваць кожны дзень.

Па статыстыцы колькасць выхадаў у інтэрнэт з дому ў Беларусі нашмат большая, чым з працы…

Абсалютна дакладна. Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя, што інтэрнэт становіцца не проста крыніцай альтэрнатыўнай інфармацыі, а пачынае змяшчацца ў больш забаўляльную сферу. Бурны ўсплёск цікавасці да сацыяльных сетак паказвае, што людзі прыходзяць у інтэрнэт не толькі за навінамі, прагнозам надвор’я ці курсамі валют, людзі прыходзяць там бавіць час.

Ёсць такія даследаванні, што сёння блогі чытаюць як СМІ, па колькасці заходаў, часу, праведзеным на старонках… Гэта так?

З пачатку сакавіка гэтага года мы пачалі даследаваць аўдыторыю Livejournal. Пакуль яшчэ цяжка казаць пра аўдыторыю, але па паводзінах – так, калі ў сацыяльных сетках 100-200 праглядаў старонак на аднаго карыстальніка, то ў Livejournal людзі праглядаюць парадку 10-15 старонак. Гэта азначае, што яны сапраўды чытаюць. У гэтым сэнсе на Livejournal можна глядзець, як на новы медыя-сродак.

Год таму вы казалі, што, магчыма, праз год ва ўсіх беларускіх кавярнях з’явіцца бясплатны WI-FI…

На жаль, мой прагноз не спраўдзіўся. Але, тым не менш, за гэты год “Белтэлекам” зрабіў крок у бок кавярняў. І калі год таму гэта было немагчыма, то цяпер ён сам прапаноўвае кавярням і рэстаранам, каб там быў белтэлекамаўскі WI-FI, але пакуль што за грошы…

Але тут важная яшчэ адна рэч – WI-FI тэхналогія распаўсюдзілася б больш, але з’явіўся 3G. І тыя людзі, для каго важная мабільнасць у інтэрнэце, пачалі карыстацца 3G, для таго, каб увесь час быць у інтэрнэце, карыстацца ім у любой кропцы, незалежна ад таго, ёсць у гэтай кавярні WI-FI або не.

Па лічбах, на колькі ўзрасла колькасць карыстальнікаў, якія заходзяць у інтэрнэт з мабільных сродкаў сувязі?

Акурат у чэрвені мінулага года – гэта было 2,5%, а цяпер, у сакавіку – 5%. То бок, за год колькасць узрасла ўдвая, скачок адбыўся ў снежні - студзені.

Што тычыцца структуры наведвання сайтаў, тут ёсць нейкія змены?

Агульная сітуацыя па краіне можа выглядаць па іншаму, чым ў рэгіёнах. Часам буйныя рэгіянальныя сайты маюць у сябе ў рэгіёне большую аўдыторыю, чым нацыянальныя інтэрнэт-рэсурсы. І гэта важны момант, які можа падштурхнуць нацыянальныя інтэрнэт-рэсурсы больш праяўляць сваю актыўнасць, разумець, што карыстальнікі з Мінска – гэта не ўсе карыстальнікі.

З іншага боку – гэта вельмі важны момант для рэгіянальных сайтаў. Калі яны змогуць прадэманстраваць, што іх аўдыторыя ў рэгіёнах большая, чым на некаторых нацыянальных сайтах, запэўніць, што гэта добрая якасная мясцовая аўдыторыя – гэта можа быць даволі істотным аргументам для рэкламадаўцаў, для таго, каб нейкая частка грошай даставалася рэгіянальным рэсурсам.

Інтэрнэт-рэклама – адна з асноўных крыніц прыбытку буйных сайтаў. І калі яе не будзе, сайты не змогуць развіваць кантэнт, падтрымліваць сваю тэхнічную працаздольнасць. Таму, яны павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб паказваць, што аўдыторыя іх рэгіёну як раз у іх, а не на нейкіх расійскіх, нацыянальных ці міжнародных рэсурсах.

Якая, дарэчы, сёння сітуацыя з інтэрнэт-рэкламай у Беларусі?

Яна не адназначная, і на тое шмат прычын. З аднаго боку, усё добра, яе становіцца ўсё больш і больш, расце колькасць кантэкстнай рэкламы. Але для таго, каб яе стала нашмат больш, павінны адбыцца кардынальныя змены: рэкламадаўцы павінны зразумець, што інтэрнэт-рэклама і інтэрнэт як медыя з’яўляецца самай вымяральнай і практычна самай эфектыўнай.

Тут можна рабіць вельмі шмат цікавых нестандартных рэчаў, якія ні ў якіх іншых відах медыя-сродкаў зрабіць немагчыма. На рынку Беларусі ўжо існуюць інструменты для вымярэння эфектыўнасці, для паказу інтэрнэт-рэкламы, але рэкламадаўцы не ведаюць пра гэтыя магчымасці.

Ва ўсім свеце інтэрнет існуе дзеля таго, каб падтрымаць усе астатнія медыі. Тое, што не змяшчаецца ў тэлебачанні ці на газетнай паласе, — гэтаму ўсяму ёсць месца ў інтэрнэце. А ў Беларусі — наадварот: традыцыйныя СМІ падтрымліваюць і рэкламуюць інтэрнэт, расказваюць, што можна зрабіць у інтэрнэце. Ці засталася такая ж сітуацыя дагэтуль або штосьці ўсё ж такі змянілася?

Такая сітуацыя па-ранейшаму захоўваецца. Возьмем тую ж “Камсамолку”, з навінных сайтаў яна мае самаю вялікую аўдыторыю ў Беларусі. Можна паглядзець, наколькі разумна на сваіх старонках “КП” рэкамендуе акрамя прачытання друкаванай версіі наведаць інтэрнэт-сайт, пабачыць фотаздымкі, скандальнае відэа, паслухаць цікавае аўдыё. Газета як раз усяляк падтрымлівае свой інтэрнэт-сайт і гэта бачна па тым, як расце аўдыторыя.

Часопіс ці газета ўсё ж такі абмежаваныя ў аб’ёме, колькасці старонак, зваротнай сувязі. Інтэрнэт дазваляе ўсе гэтыя рэчы вырашаць. Таму, натуральна, што ў буйных друкаваных выданнях – буйная інтэрнэт-аўдыторыя.

Ёсць іншы цікавы момант, магчыма, яго варта будзе даследаваць і ў Беларусі. Але, напрыклад, у Англіі людзі, якія падпісаныя на друкаваныя версіі, не наведваюць сайты гэтых выданняў. Яны як раз наведваюць сайты тых выданняў, на якія не падпісаныя. То бок тут узнікае цікавае перасячэнне аўдыторыі – чалавек лаяльны, любіць пэўную газету, а ў інтэрнэце глядзіць усё, чаго яму не хапае.

Беларускія онлайн-медыі таксама маюць аўдыторыю, якая не перасякаецца. Людзі прывыкаюць чытаць нейкі адзін СМІ, а паколькі шмат у якіх медый, як мы ведаем, навіны паўтараюцца, то яны чытаюць тое, што ім падалося зручным, там яны і застаюцца. Аўдыторыі лаяльныя да сваіх СМІ і мала перасякаюцца.

Давайце мы з вамі цяпер паспрабуем як раз прарэкламаваць інтэрнэт праз радыё. Што такога можна рабіць праз інтэрнэт у Беларусі, чаго нельга было раней? Можа ёсць штосьці, пра што людзі проста не ведаюць і ім трэба расказаць? Ну, там, аплаціць камунальныя, падаць падатковую дэкларацыю, запісацца на атрыманне візы ў пасольства…

Пытанне настолькі цікавае, што падштурхоўвае да таго, каб правесці невялікае даследаванне на тэму, што можна зрабіць у інтэрнэце, чаго нельга зрабіць праз радыё, напрыклад. Добра, калі б існавалі невялікія друкаваныя брашуркі з карыснымі беларускімі рэсурсамі.

Вялікая колькасць людзей не ведае, што існуюць сайты дзяржаўных органаў і якая на іх месціцца інфармацыя. У той жа час, сайт Мінгарвыканкама – адзін з самых наведваемых рэсурсаў, на ім ёсць шмат карыснай інфармацыі, якая тычыцца жыллёва-камунальных паслуг, нейкіх пастаноў… Я думаю, што калі б людзі ведалі, скажам, вэб-сайт парламенту, многія б ім карысталіся і знаходзілі карысную інфармацыю.

Вы паглядзіце, які інтарэс выклікала тое, што ГУЎС Мінска прыйшоў у Твітэр і Лайфджорнал. Цяпер у афіцэраў з прэс-службы, што адказваюць за камунікацыю, вельмі цяжкія гарачыя дні. Добра, калі такіх карысных рэчаў стане больш – разнастайныя расклады: чыгуначныя, самалётаў… Як раз сёлета Белавія пачала прадаваць квіткі он-лайн. Зразумела, ва ўсім свеце гэта паслуга існавала з дзесятак гадоў. Але, тым не менш, добра, што і Белавія нарэшце пачала…
 

Карыстальныкі інтэрнэта – вельмі непрадказальныя і вядуць качавы лад жыцця

Спачатку быў бум з MySpace – вельмі вялікая аўдыторыя, рэкламадаўцы пачалі размяшчаць рэкламу, уладальнікі пачалі ўжо лічыць грошы, думаць як ім лепей іх патраціць, але людзі пачалі змяшчацца ў іншыя сацыяльныя сеткі. Цяпер такі самы бум мы бачым з Facebook’ам...

З іншага боку, Twitter існаваў некалькі гадоў, але інтарэсу да яго не было, пасля ў нейкі момант адбыўся бум і ўсе пачалі прадказваць, што гэта абсалютна новы цуд, дзе будзе вялікая колькасць людзей. Але ўсе даследаванні паказваюць, што аўдыторыя твітэра зафіксавалася ў даволі абмежаванай колькасці людзей. Гэта аказаўся карысны інструмент, але ўсе ім карыстацца не пачалі.

Узнікае новая цікавая з’ява – людзі ў інтэрнэце качуюць. Гэта вельмі сур’ёзны і балючы момант для гаспадароў вэб-сайтаў, але яны павінны яго разумець – аўдыторыя, асабліва моладзевая, перасоўваецца, калі штосьці іншае становіцца модным.

Я б нават так і сказаў: інтэрнэт-карыстальнікі вядуць качавы лад жыцця. То бок, калі раней казалі пра тое, што гэта хутчэй сёрфінг – слізганне, то цяпер гэта качаванне. Яны пачынаюць штосьці ствараць у нейкім месцы, а пасля вырашаюць перакачаваць – пакідаюць свой блог, закрываюць яго, выдаляюць увесь кантэнт і пачынаюць жыццё ў нейкім іншым месцы наноў.

Так, ёсць такая асаблівасць інтэрнэту, што гэта вельмі непрадказальная рэч.

Так, спрагназаваць, што я ўладальнік сайту і сёння ў мяне 100 тысяч карыстальнікаў, а праз два гады будзе мільён, і калі сёння я зарабляю 100 тысяч, то заўтра буду мільён – немагчыма. Можна застацца з тымі самымі ста тысячамі, можа быць меней ста тысяч, а можа быць дзесяць мільёнаў. Гэта вельмі цяжка прагназаваць.

Што тычыцца кантролю дзяржавы за інтэрнэтам. Што тут адбываецца? Кантроль і цэнзура ў інтэрнэце сталі большымі або меншымі?

Урад хоча прысутнічаць у інтэрнэце больш, але ёсць вельмі сур’ёзная праблема: рашэнні патрабуюць новага ўзроўню кампетэнцыі. Ствараючы абмежавальныя дакументы, урад сыходзіць з бягучай сітуацыі развіцця інтэрнэту, але усё змяняецца вельмі хутка. Небяспека заключаецца ў тым, што ствараючы такія меры можна наўпрост знізіць прагрэс у гэтай сферы ў Беларусі.

Вядома, што інтэрнэт і інтэрнэт-тэхналогіі будуць развівацца ў кожным разе. І ўрад зацікаўлены ў гэтым – ён ні ў якім разе не хоча гэтае развіццё спыніць, забараніць яго ці зменшыць… Я не думаю, што распрацоўшчыкі хацелі б зла інтэрнэт-карыстальнікам, бо самі ж імі і з’яўляюцца.

Але яны хочуць гэтае развіццё кантраляваць…

Больш правільна было б казаць пра рэгуляванне. Тут проста ёсць нюанс, што рэгуляваць яны хочуць, але рэгуляванне інтэрнэту – вельмі цяжкая праблема. Гэта павінна быць менавіта рэгуляванне, а не абмежаванне.

У нас жа парушаны парадак рэчаў. Да прыкладу, у Францыі спачатку рыхтуецца праект рэгулявання, а пасля абмяркоўваецца. А ў нас атрымоўваецца, што спачатку дакумент прымаецца, а пасля яго пачынаюць абмяркоўваць і каментаваць. Было б нашмат больш лагічна рыхтаваць праекты, абмяркоўваць іх, а пасля ўжо прымаць нейкія рашэнні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі