Як беларусы ставяцца да Захаду? Асуджаюць санкцыі і не ведаюць моў

Беларусь ЕС

Вынікі новага даследавання / euroradio.fm

Чым больш сувязяў маюць беларусы з краінамі Захаду, тым часцей яны прытрымліваюцца прадэмакратычных поглядаў. Да такіх высноў прыйшоў брытанскі Chatham House у выніку сацыялагічнага даследавання наконт стаўлення жыхароў Беларусі да "калектыўнага Захаду". Падрабязней пра метадалогію апытання глядзіце ў канцы матэрыялу.

Еўрарадыё расказвае пра асноўныя высновы даследавання.

Мала хто ездзіць у Еўропу, хаця хацелася б

Толькі крыху больш чым пятая частка беларусаў за апошнія пяць гадоў наведвала Еўропу. 78% жыхароў краін ЕС не наведвалі.

Часцей за ўсё (71%) прычынай паездкі называлі турызм, на другім месцы (37%) — наведванне сваякоў ці сяброў, а на трэцім (20%) — шопінг.

Большасць беларусаў пры гэтым хацела б з'ездзіць у Еўропу, напрыклад, 65% агучылі жаданне выправіцца ў турыстычную паездку, а 50% — у адукацыйную. Назаўжды пераехаць у ЕС "вельмі хацелі б" 8% беларусаў, а "хутчэй хацелі б" — яшчэ 12%.

Как белорусы относятся к Западу? Осуждают санкции и не знают языков

Дзейныя візы ёсць толькі ў 7% беларусаў. Цікава, што 22% беларусаў хацелі б зрабіць візу, але не лічаць, што гэта магчыма.

Заходняя культура — на карысць?

Сярод тэмаў, якія хацелі вывучыць сацыёлагі — стаўленне беларусаў да заходняй культуры. Высветлілася, што беларусы ў сярэднім не лічаць сябе яе часткай. Але і не ставяцца да заходніх павеваў так негатыўна, як, напрыклад, расіяне.

Chatham House мяркуе, што адарванасць беларусаў ад заходняй культуры часткова можна растлумачыць нізкім узроўнем ведання замежных моў.

Напрыклад, валоданне ўкраінскай як свабоднае адзначылі 6%, а "магу камунікаваць на простыя тэмы" выбралі 24%. З англійскай усё нашмат горш: упэўнена валодаюць 4%, здольнасць камунікаваць на базавыя тэмы выбралі 12%.

З польскай, нямецкай, французскай і італьянскай справы яшчэ горшыя.

Как белорусы относятся к Западу? Осуждают санкции и не знают языков

Праўда, буйнымі еўрапейскімі падзеямі беларусы ўсё ж цікавяцца. Так, каля 60% так ці інакш сочаць за чэмпіянатам Еўропы па футболе, а каля 51% у курсе таго, што адбываецца на Еўрабачанні. Прычым у абодвух выпадках чым больш цесная сувязь з Захадам і яго культурай у цэлым, тым вышэйшая і цікавасць да гэтых падзей.

А як успрымаюць суседзяў?

Яшчэ адзін цікавы пункт даследавання — успрыманне заходніх краін і ўзроўню іх развіцця. Відаць, тут прапаганда зрабіла сваю справу, бо ў сярэднім Беларусь лічаць больш развітай, чым Польшчу, у тым ліку ў адукацыі і сельскай гаспадарцы.

Как белорусы относятся к Западу? Осуждают санкции и не знают языков

"Ацэнка развіцця Польшчы наўпрост звязаная з асабістым досведам: тыя, хто бываў у краінах Усходняй Еўропы, значна радзей лічаць, што Беларусь развівалася больш паспяхова, чым Польшча", — пішуць даследчыкі.

Толькі 33% сказалі, што хацелі б такога ўзроўню жыцця, як у ЕС, а 42% лічаць, што жыццё ў Беларусі лепшае, чым у еўрапейскіх краінах.

Збліжэння з Захадам і пашырэння сувязяў хацелі б 50% (14% — за скарачэнне сувязяў, астатнія не змаглі адказаць).

Беларусы супраць санкцый (?)

Трэнд, які назіраецца ў некалькіх апытаннях: беларусы выступаюць супраць еўрапейскіх санкцый. І не супадаюць у меркаванні, чаму яны ўведзеныя.

Напрыклад, дзеянні Лукашэнкі і ягонага рэжыму як прычыну санкцый адзначаюць 28%. У тым, што гэта толькі падстава і еўрапейскія краіны "пераследуюць свае інтарэсы", упэўненыя 38%.

З тэзісам "санкцыі несправядлівыя ў дачыненні да звычайных грамадзян Беларусі" цалкам згодныя 30% , хутчэй згодныя — яшчэ 32%.

Для параўнання: з тэзісам "санкцыі ўведзеныя за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі" цалкам згодныя 7%, хутчэй згодныя — 16%. А вось зусім не згодныя — 20%, хутчэй не згодныя — яшчэ 15%.

Как белорусы относятся к Западу? Осуждают санкции и не знают языков

У цэлым беларусы лічаць, што ЕС стаў больш закрытым, чым раней. Пыталі пра гэта на прыкладзе часу праходжання мяжы і атрымання віз, але не толькі.

Ілжывае сцверджанне пра тое, што Польшча закрыла ўсе памежныя пераходы, назвалі праўдзівым 10%, яшчэ 27% — хутчэй праўдзівым. Тых, хто расцаніў тэзіс як фэйкавы, сумарна менш.

З кім Беларусі сябраваць?

35% не змаглі адказаць на пытанне пра тое, з кім Беларусі выгадней збліжацца — з Расіяй ці з Захадам.

Група прыхільнікаў збліжэння з Расіяй па-ранейшаму вялікая: 34%. Тых, хто выступае за збліжэнне з ЕС, прыкметна менш — 13%.

Как белорусы относятся к Западу? Осуждают санкции и не знают языков

Больш чым палова беларусаў не верыць у магчымасць уступлення Беларусі ў Еўрасаюз у найбліжэйшыя 15 гадоў.

“У цэлым, чым мацнейшыя асабістыя сувязі беларусаў з краінамі ЕС, тым часцей яны прытрымліваюцца прадэмакратычных поглядаў", — адзначаюць аўтары даследавання.

Што гэта за даследаванне такое?

У рамках даследавання Chatham House апытаў 827 рэспандэнтаў з 28 чэрвеня да 3 ліпеня 2024. Выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва.

Апытанне праводзілі з дапамогай інтэрнэт-інтэрв'ю, бо асабістыя сустрэчы цяпер у Беларусі немагчымыя. І хай у краіне інтэрнэтам карыстаюцца 92% насельніцтва, пэўныя абмежаванні на даследаванне гэта накладвае.

"Нягледзячы на тое, што выбарка была ўзважаная, каб дакладна адлюстраваць структуру беларускага грамадства, ёсць імавернасць, што падтрымка палітыкі Лукашэнкі можа быць трохі вышэйшай, чым адлюстравана ў апытанні, бо прыхільнікі Лукашэнкі часта менш сацыяльна і эканамічна актыўныя, чым яго праціўнікі. Наадварот, уплыў фактару страху падчас праходжання апытання можа заніжаць долю крытычных адносна дзейнай улады адказаў", — тлумачаць у даследаванні.

Памер статыстычнай хібнасці, кажуць у Chatham House, не перавышае 3,4%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі