Якіх законаў, прапісаных у Канстытуцыі, не існуе?

"Свабода сходаў, асацыяцый, маецца на ўвазе стварэнне і ўдзел у арганізацыях. Права на жыццё — у тым, што ў нас існуе смяротная кара як від пакарання, права на справядлівы суд вельмі часта парушаецца. Увогуле гэта тэма доктарскай дысертацыі", — юрыст Павел Сапелка ў Дзень Канстытуцыі пералічвае яе нормы, якія, на яго думку, парушаюцца ці не выконваюцца ў Беларусі.


Праваабаронца Гары Паганяйла падкрэслівае, што Канстытуцыя ўвогуле не прызнаецца як такая. А ўсё, пачынаючы з самага першага артыкула, існуе на паперы.


"Вы не знойдзеце практычна ніводнага рашэння суда, якое б грунтавалася на нормах Канстытуцыі. Суддзі і іншыя службовыя асобы не кіруюцца гэтымі нормамі. Так шмат гаворыцца пра канстытуцыйнасць, пра правы чалавека, і мы нават святкуем Дзень Канстытуцыі. Але гэты галоўны закон у поўнай меры не выконваецца".


Напрыклад, у Канстытуцыі прапісаны часовы характар смяротнага пакарання:


"Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прысудам суда".


Часовы характар смяротнага пакарання прапісаны і ў Канстытуцыі, і ў Крымінальным кодэксе. Гэтага патрабуе міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. То бок смяротнае пакаранне прапісвалася ў Канстытуцыі з улікам таго, што мусіць быць у будучыні адмененае, тлумачыць Павел Сапелка. Але...


"Само па сабе, што ёсць смяротная кара, як часовая мера, не пярэчыць пакту, але ўсе еўрапейскія дзяржавы яе адмянілі ці проста не прымяняюць".


Тое самае і з вайсковай службай:


"...Парадак праходжання вайсковай службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайсковай службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам".


Але закона аб альтэрнатыўнай службе і праз 19 гадоў няма.


"Што датычыцца закона аб альтэрнатыўнай службе, я не разумею, чаму такі закон не прыняты, хаця Канстытуцыя прадугледжвае такое права для грамадзян", — дадае Павел Сапелка.


Гары Паганяйла кажа пра асноўную праблему нашай Канстытуцыі: у ёй існуе каля 70 адсылак на іншыя законы, якія ўдакладняюць артыкулы Канстытуцыі.


"Той ці іншы парадак, пра які гаворыцца ў Канстытуцыі, павінен быць вызначаны законам. Многія з тых законаў, якія там ёсць, яны так і не дзейнічаюць, іх проста не існуе. Канстытуцыя дзейнічае з траўня 1994 года. Усе гэтыя законы мусілі быць прынятыя на працягу 2 гадоў з моманту ўвядзення новай Канстытуцыі, а яны дагэтуль не прынятыя".


Як напрыклад, закон аб альтэрнатыўнай службе. Падобная сітуацыя і з дэкрэтамі прэзідэнта. У Канстытуцыі гаворыцца агульна, што з-за некаторых вострых абставінаў прэзідэнт выдае часовыя дэкрэты. Але якія нормы не могуць рэгулявацца дэкрэтамі? Што можа рэгуляваць толькі парламент? У якіх выпадках парламент перадае права выдаваць дэкрэты прэзідэнту? Гэтага ні ў якім законе не прапісана.


"У нас прэзідэнт выдае нарматыўна-прававыя акты якога заўгодна характару — указы, дэкрэты і дырэктывы. Але закона, пры якіх умовах парламент перадае паўнамоцтвы на выданне дэкрэтаў прэзідэнту, няма. І потым кіраўнік дзяржавы прыпісвае ўказамі і дэкрэтамі сабе паўнамоцтвы, якіх няма ў Канстытуцыі", — тлумачыць Гары Паганяйла.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі