Выбраць кожнага дэпутата парламента каштуе амаль 102 тысячы долараў

Ніякіх зменаў у выбарчае заканадаўства ЦВК не ўносіў. Тым не менш на сваім першым пасяджэнні палітычным партыям абяцаюць шэраг палёгкаў. Да прыкладу, пры накіраванні назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі.


“Немагчымасць па нейкіх прычынах правесці пасяджэнне кіруючага органа партыі, іншага грамадскага аб’яднання дазваляе кампенсаваць накіраванне назіральнікаў на пасяджэнні акруговых і ўчастковых камісій абласнымі і раённымі структурамі палітычных партый ці іншага грамадскага аб’яднання”, — парадавала намесніца начальніка арганізацыйна-прававога аддзела ЦВК Галіна Мкртычан.


На выбарах 2008 года такіх назіральнікаў было зарэгістравана каля 30 тысяч на 6350 выбарчых участках. Апроч таго, упершыню прыняты дакумент з падрабязным апісаннем, хто, куды і ў якой колькасці можа вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Вось толькі ніякіх крытэраў, паводле якіх будуць праводзіць кастынг сярод гэтых вылучэнцаў, няма, бо гэта... палітыка, — зазначае ў размове з Еўрарадыё старшыня ЦВК Лідзія Яромошына.


Лідзія Яромошына: “Гэта пытанне палітыкі, а не юрыспрудэнцыі. Мы патлумачылі працэдурна, хто можа вылучаць. Каб валодалі першапачатковымі ведамі, як правесці вылучэнне ў склад выбарчых камісій. А права выбару — на тых органах, якія будуць прымаць рашэнні па стварэнні выбарчых камісій. Тут закамандаваць ім нельга”.




Ствараць выбарчыя камісіі будуць органы мясцовай улады. Відаць, недарэмна ў інтэрв’ю Еўрарадыё старшыня ЦВК распавядала, як падчас выбараў-2010 даводзілася “прымушаць” уключаць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі.


Сваіх прадстаўнікоў партыі, грамадскія аб’яднанні і іншыя павінны вылучыць не пазней за 6 ліпеня. Участковыя камісіі мусяць быць створаныя 8 жніўня. Вылучаць кандыдатаў у дэпутаты будуць з 15 ліпеня па 13 жніўня. На агітацыйную кампанію кандыдатам даюць роўна месяц.


Каштаваць выбары будуць 92,9 мільярда рублёў, падводзіць рысу бухгалтар ЦВК Валянціна Васілеўская. На агітацыйную кампанію кандыдатам выдзяляюць утрая менш, чым на заробкі выбарчым камісіям!


Валянціна Васілеўская: “На матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне выбараў — 21,2 мільярда рублёў. Заробак старшыняў і сябраў акруговых і ўчастковых камісій — 69,8 мільярда рублёў. Налічэнні на заработную плату — 105,3 мільёна рублёў. На выдаткі для ЦВК і МЗС, звязаныя з арганізацыяй міжнародных сувязяў і прыём дэлегацый, — 216,8 мільёна”.



Калі ў доларах, то выбары абыйдуцца ў 9,1 мільён. Абранне кожнага дэпутата каштуе амаль 102 тысячы долараў.


Дарэчы, адначасова з выбарамі дэпутатаў будуць праходзіць выбары сенатараў. Яны абыйдуцца ў... 116 мільёнаў 278 тысяч рублёў. А ўсё таму, што абіраць сенатарамі будуць аднаго са “сваіх” мясцовыя дэпутаты і чыноўнікі. На закрытых пасяджэннях. Пытанне — куды тады пойдуць такія грошы?


Нягледзячы на тое, што пасля выбараў ЦВК выказвае незадаволенасць працай міжнародных назіральнікаў і нават пагражае больш не запрашаць, яны будуць і гэтым разам.


Лідзія Яромошына: “Будуць. Улічваючы нашы міжнародныя абавязацельствы, якія мы свята выконваем. Аднак рашэнне аб тэрмінах і фармаце назірання з боку міжнародных назіральніцкіх місій — гэта рашэнне МЗС. Менавіта яно і будзе накіроўваць запрашэнні міжнародным місіям”.


Выглядае на тое, што частка апазіцыйных структур удзельнічаць у выбарах кандыдатамі не будзе. Старшыня ЦВК прызнаецца Еўрарадыё, што з гэтай нагоды не пакутуе. Але папярэджвае: накіроўваць прадстаўнікоў у сябры ЦВК з правам дарадчага голаса змогуць толькі партыі, якія вылучаць сваіх кандыдатаў.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі