Вяскоўцы судзяцца з дэпутатам за зямлю

130131_samaabarona.mp3

Пасля калектыўнай скаргі грамадзян абласная пракуратура прызнала факт парушэння заканадаўства Магілёўскім райвыканкамам пры перадачы зямельнага ўчастка кіраўніку сялянска-фермерскай гаспадаркі “Пралесак” Юрыю Коршунаву, аднак да ліквідацыі выяўленых парушэнняў справа так і не дайшла. Ад такога неахайнага рашэння мясцовай улады пацярпелі жыхары вёскі Нядашаўка-2 Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці. Новы ўладальнік зямлі засеяў луг кукурузай і такім чынам абмежаваў доступ вяскоўцаў да вадасховішча і пазбавіў людзей традыцыйнага адпачынку ля вады. Скардзіцца жыхар вёскі Нядашаўка-2 Зміцер Яўстратаў

 

“У нас быў луг, на якім мы адпачывалі. Мы маглі спакойна падысці да вадаёма і раптам, у адзін момант мы бачым, што па нашым лузе ідуць трактары, якія яго ўзворваюць і вынішчаюць дрэвы, якія растуць на ім. Вось такім чынам мы даведаліся пра тое, што гэты кавалак зямлі перададзены сялянска-фермерскай гаспадарцы “Пралесак”. Дагэтуль зямля знаходзілася ў межах населенага пункта Нядашава-2 і выкарыстоўвалася грамадзянамі для выпасу буйной рагатай скаціны і адпачынку грамадзян у водаахоўнай зоне ракі Шчацінка”.

 

 Мужчына адзначае, што адразу пасля гэтага выпадку мясцовыя жыхары арганізаваліся і пачалі калектыўна дамагацца адказаў на свае пытанні. Адпаведныя лісты і скаргі былі накіраваныя ў аблвыканкам, пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта. Аднак чыноўнікі перасылалі скаргі той установе, на якую скардзіліся. Пракуратура правяла праверку — вызначыла, што зямля перададзена ў пажыццёвую арэнду фермеру Юрыю Коршунаву з парушэннямі. Былі дысцыплінарна пакараныя некалькі чыноўнікаў, аднак зямля дагэтуль так і застаецца ў фермера. Ніякіх зменаў пасля скаргаў так і не адбылося. Каб ссунуць справу з мёртвай кропкі, жыхары падалі заяву ў суд Ленінскага раёна Магілёва. Расказвае вясковец:

 

 “Мне складана знайсці прычыну, чаму так адбылося, але я так разумею, што гэта агульная тэндэнцыя для любога выканкама — прымаць рашэнні тайна і без удзелу грамадскай думкі. На жаль, склалася сітуацыя, калі органы мясцовай улады не жадаюць прыслухвацца да думак грамадзян. Яны не лічаць магчымым дапусціць гэтых грамадзян да прыняцця рашэнняў”. 

 

Трэба адзначыць, што кіраўнік фермерскай гаспадаркі “Пралеска” Юрый Коршунаў з’яўляецца дэпутатам Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў і кіраўніком асацыяцыі фермераў па Магілёўскай вобласці. Магілёўскія праваабаронцы не выключаюць, што падчас здачы зямлі ў арэнду новаму ўласніку быў выкарыстаны адміністрацыйны рэсурс і ўласныя сувязі. Праваабаронцы зацікавіліся справай і будуць дапамагаць жыхарам вёскі Нядашаўка-2 дамагацца законнай справядлівасці, каб зрабіць зямлю для жыхароў вёскі зноўку агульнадаступнай.

Рубрыка Самаабарона спецыяльна для праваабарончай праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі