Сіліцкі: Роля аналітыка робіцца больш відавочнай, бо грамадства ў роспачы

А ягоныя інтэрв’ю застаюцца актуальнымі і сёння

Пра аналітыку па-беларуску.


Віталь Сіліцкі: Звычайна пад самім тэрмінам “аналітык” разумеецца чалавек, які спрабуе абмяркоўваць, мысліць над нейкімі надзённымі праблемамі жыцця і прапаноўваць нейкія рашэнні тым, каго гэтыя рашэнні датычацца.

На жаль, у нас шмат нейкай абстрактнай мазгавой дзейнасці, не вельмі шмат “public policy”. Не вельмі шмат таго, што менавіта звязана з тымі людзьмі, якія прымаюць рашэнні. І людзі, якія прымаюць рашэнні, не заўжды звязаныя з тымі людзьмі, на якіх гэтыя рашэнні ўплываюць. А людзі, якія ўмеюць мысліць мазгамі, не звязаныя ні з тымі, ні з іншымі. Таму яны жывуць кожны ў сваім асяродку.

Еўрарадыё: Ці становіцца роля аналітыкі і аналітыка больш важнай падчас крызісу?

Сіліцкі: Мяняецца публічная роля чалавека, які называе сябе аналітыкам. Яна робіцца больш відавочнай, таму што грамадства ў роспачы, грамадства сутыкаецца з чымсьці, чаго яно дагэтуль не ведала ці ўжо падзабыла. Сітуацыя нявызначанасці, у якой чалавек хвалюецца і за персанальнае жыццё, і за будучыню, і за лёс сваіх блізкіх. І трэба нейкае тлумачэнне таго, што адбываецца. Таму проста ўзрастае попыт на тлумачэнні.

Ведаеце, цяжка меркаваць пра тое, чаго дагэтуль не ведаў. Адчыняеш кожны дзень аналітычныя зводкі сусветных інфармацыйных агенцтваў — і проста валасы становяцца дыбам. Разумееш, што чым больш ты даведваешся пра гэты крызіс, тым менш ты сапраўды разумееш. 

Ёсць пэўныя палітычныя абмежаванні, таму што любыя пазітыўныя прапановы фільтруюцца праз сіта прыарытэтаў, якія мае сама ўлада. Бо яны таксама сутыкнуліся з чымсьці невядомым, што стварае для іх пагрозу. Але ж першымі, хто стварыў гэты попыт на інфармацыю, на нейкую рэфлексію, хутчэй на крытыку і рэфлексію, чым на аналітыку, я б сказаў — гэта былі, канечне, медыі. Таму што ім трэба тлумачыць людзям хоць неяк. Не важна — правільна, няправільна. Гэта гарачая тэма, яна папулярная, яна цікавая.

З пытаннямі практычных рашэнняў нашмат больш складана. Таму што адкрытасць да новых прапановаў не адмяняе старых прыарытэтаў, якія мае ўлада. Скажам, у нас можа адначасова ставіцца задача па прыцягненні замежных інвестыцыяў. І тут можна даць вельмі кваліфікаваную параду, як гэта можна зрабіць. У гэты ж час захоўваюцца старыя задачы — скажам, выкананне прагнозных паказчыкаў, якія ніхто не адмяніў, ці захаванне занятасці. Пад гэтыя дзве рэчы ніводны інвестар не прыйдзе. І тут параіць, як “скрестить коня и трепетную лань”, не хопіць ніякіх мазгоў і ніякага ўмення. І мне проста вельмі шкада чыноўнікаў, якім даводзіцца працаваць у гэтых умовах, выконваць тое, чаго проста не можа быць.

Еўрарадыё: Як вы бачыце будучыню беларускай аналітыкі?

Сіліцкі: Тое, што ў нас адбылося – гэта проста адлюстраванне стану публічнай прасторы. Каб вырашаць праблемы выжывання, дзяржаве і думаць шмат не трэба было. Ну, былі два фактары — доступ да расійскай нафты і да расійскага рынку. Зараз усё ўскладняецца. Ускладняюцца перадумовы для выжывання той жа самай сістэмы. І ёй, канечне, давядзецца больш думаць і больш прыцягваць людзей, якія ўмеюць думаць. Гэта пэўны выклік для той часткі аналітычнай супольнасці.

Ведаеце, у высокім грамадстве часта трэба падтрымаць размову. Дык вось тут таксама – трэба будзе падтрымаць размову. Не проста зацыклівацца на агульных рэчах, як звергнуць гэты ненавісны крывавы рэжым. Будзе выклік падтрымаць дыялог па нейкіх практычных пытаннях, па сектаральных пытаннях, па пытаннях, звязаных з нейкімі канкрэтнымі сферамі — ці то энергетыка, ці то эканамічная лібералізацыя, ці то рынак працы, ці то банкаўскі сектар і г.д. І тут ужо будзе патрабавацца іншая кампетэнцыя, і, мабыць, іншыя людзі.

Пра мову.


Віталь Сіліцкі: Стаўленне моладзі да беларускай мовы пагоршылася за апошні час. І яно зараз горшае, чым у сярэднім па грамадстве — больш моладзі, чым у сярэднім па грамадстве, ўспрымаюць карыстанне беларускай мовай як проста нейкую прыкмету выпендрожу. Хаця, за кошт таго, што яны вывучаюць яе ў школах, яны можа лепш ёй умеюць ёй карыстацца, чым астатняе грамадства. Але ж, гэта група з найменшым жаданнем размаўляць па-беларуску.

Гэта як раз тая сітуацыя, калі адзін і той жа асяродак можа даваць найбольшы адсотак актывістаў-энтузіястаў, але сярэдні паказчык пры гэтым самы нізкі. І гэтыя актывісты вырываюцца менавіта ў знак пратэсту супраць шэрай масы. Бывае і так.

Наша даследаванне паказвае, што зусім неабавязкова, што беларуская мова — гэта мова апазіцыі, мова захаду Беларусі і мова моладзі, як гэта часцяком уяўляецца. Можа мова апазіцыі, але неабавязкова мова апазіцыйна-настроеных людзей. Можа мова захаду, але не мова тых вельмі зрусіфікаваных і спаланізаваных частак той жа Гарадзеншчыны. Можа мова моладзі, але хутчэй мова маленькага асяродку зацятых актывістаў, чым мэйнстрымавай моладзевай гапаты.

Еўрарадыё: Ці можна чытаць Караткевіча па-руску? Ці калі гэта рабіць — шмат згубіцца?

Сіліцкі: Фізічна чытаць можна. Але акурат Караткевіча я б не раіў чытаць па-руску, таму што гэта ўсё роўна што ў першую шлюбную ноч класціся з надзіманай лялькай. Задавальненне можа і атрымаеш, але якое? Гэта маё асабістае стаўленне да творчасці Караткевіча.

Таксама не пройдзе проста пераклад нейкага славутага дэтэктыву на беларускую мову —усё роўна яго будуць чытаць па-руску. Гэта мусіць быць унікальны цікавы прадукт. Таксама як абсурдна чытаць Караткевіча па-руску, абсалютна абсурдная думка, што нельга чытаць дэтэктывы на беларускай мове.

Людзі часта не зразумеюць, што па-беларуску можа быць цікава, пакуль не пабачаць цікавыя дэтэктывы на беларускай мове. Я вам распавяду гісторыю, як мой цалкам беларускамоўны сябар гуляў у двары са сваімі сабакамі. Ён даваў там ім нейкія каманды. Праходзіць міма жанчына і кажа: “Слушайте, а что ваши собаки правда понимают по-белорусски?”

Апошняе інтэрв’ю з Віталём Сіліцкім можна пачытаць тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі