Віганд: Еўрасаюз можа пашырыць санкцыі ў канцы чэрвеня (АБНОЎЛЕНА)

18 чэрвеня Камітэт па замежных справах Еўрапарламента правёў дыскусію па Беларусі, на якой прысутнічаў высокі чыноўнік Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС Гунар Віганд.

Дыскусія была прымеркаваная да прэзентацыі высноваў даследавання санкцыйнай палітыкі ЕС, якую выканала Юлія Карасцялёва пад эгідай Еўрапарламента.

Юлія Карасцялёва: "Санкцыі супраць асноўных прадстаўнікоў бізнэс-эліты мусяць быць ключавым слупам санкцыйнай палітыкі... Вельмі заўчасна прыбіраць санкцыі супраць бізнесоўцаў і прадпрыемстваў, нягледзячы на частковае выкананне ўмоваў беларускімі ўладамі".

У сваім 50-старонкавым даследаванні Юлія Карасцялёва раіць пакінуць на месцы візавыя санкцыі і пашыраць іх. У выпадку пагаршэння сітуацыі яна раіць пашыраць санкцыі і на іншых звязаных з уладамі бізнесоўцаў. У сваёй працы яна пералічвае некаторых патэнцыйных кандыдатаў. Напрыклад, Аляксандр Машэнскі, які валодае "Санта-Брэмарам", і Аляксандр Шакуцін, старшыня савета дырэктараў “Амкадора”.

Юлія Карасцялёва: "Яшчэ адзін ключавы фактар – гэта прынцыповая падтрымка санкцыйнай палітыкі з боку краін ЕС, бо некаторым ім давядзецца забыць пра свае інвестыцыйныя інтарэсы. Перш за ўсё, я маю на ўвазе прыклад Славеніі, якая першапачаткова крытычна ставілася да ідэі пашырэння санкцый на Юрыя Чыжа".

Дырэктар аднаго з дэпартаментаў знешнепалітычнай службы ЕС Гунар Віганд заявіў, што менавіта такую палітыку і праводзіць ЕС: санкцыі супраць адказных за рэпрэсіі і звязаных з уладамі бізнесоўцаў, без маштабных санкцый, якія пашкодзілі б простым людзям. Чыноўнік таксама прызнаў, што некаторыя краіны сапраўды неахвотна пагаджаюцца на санкцыі ў дачыненні Беларусі з-за сваіх эканамічных інтарэсаў

Гунар Віганд: "Часам дыскусіі пра санкцыі сапраўды былі няпростыя, бо яны закранаюць эканамічныя інтарэсы некаторых краін. Але ў гэтым сэнсе санкцыі ў дачыненні да Беларусі не адрозніваюцца ад санкцый у дачыненні да Сірыі ці Ірана".

Гунар Віганд заявіў, што вяртанне адкліканых еўрапейскіх амбасадараў у Мінск у канцы красавіка не было звязана з вызваленнем Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі, але панізіла градус напружанасці ў беларуска-еўрапейскіх адносінах і адкрыла для Мінска акно магчымасцяў.

Гунар Віганд: "Мы бачым сігналы, але не бачым вызваленняў... Выхад на волю Саннікава і Бандарэнкі не змяніў стратэгію ЕС. Мяч не перайшоў на бок ЕС, як нехта кажа ў Мінску. Ён застаецца на мінскай частцы поля. І ЕС не будзе займацца гандлем палітычных зняволеных".

Віганд паўтарыў былое рашэнне Савета ЕС: без вызвалення ўсіх зняволеных па палітычных прычынах ЕС не будзе змяняць сваю палітыку і пераглядаць санкцыі, але будзе пашыраць "чорны спіс". Тым больш што санкцыі, па словах еўрачыноўніка, дзейнічаюць.

Гунар Віганд: "З нашага аналізу вынікае, што санкцыйная палітыка мае важнае значэнне ў працэсе прыняцця рашэнняў Мінскам. Выглядае, што менавіта працяглы ціск з боку ЕС паспрыяў выхаду на волю часткі з 23 вызваленых на працягу года палітычных зняволеных".

Чарговае пасяджэнне Савета ЕС, на якім верагоднае пашырэнне санкцый, адбудзецца ў канцы чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі