У Зэльвенскім райвыканкаме паабяцалі падтрымаць Кастусёва

Сустрэліся з Рыгорам Кастусёвым мы на ўправе Партыі БНФ. Я заспеў кандыдата за кубкам ранішняй кавы. Ён толькі прыехаў з Магілёва, дзе праходзілі сустрэчы з выбарцамі, да позняга вечара развозіў па дамах сяброў сваёй каманды. Кастусёў сам ездзіць за рулём сваёй машыны. 
"Учора была паездка па Магілёўскай вобласці. Мы наведалі Хоцімск, Клімавічы, Касцюковічы. Да Магілёва дабраўся каля 23-й гадзіны. Потым развёз людзей, якія са мной ездзілі, машыну паставіў каля 12 ночы. Паспеў паглядзець навіны, пакуль падрыхтаваўся да сённяшняй паездкі, было ўжо 2 гадзіны ночы. А 5-й пад'ём, зноўку зборы, а 6 выехаў на Мінск, у 8-30 ужо быў у Мінску".
Падчас перадвыбарнай кампаніі магчымасцяў для адпачынку зусім няма. Няма ў кандыдата і выходных: пастаянна адбываюцца сустрэчы. Пацікавіўся, ці ёсць час заходзіць на якія сайты, "Аднакласнікі", напрыклад.
"На "Аднакласнікі" няма часу заходзіць. Калі час ёсць, чытаю "Беларускія навіны", "Нашу ніву", а яшчэ на "Фэйсбук" заходжу. Бо там можна даведацца думкі нашых сяброў або не сяброў — каб зарыентавацца, якую нам далі ацэнку, як мы спрацавалі".
На сядзібу Партыі БНФ прыйшоў кіроўца Міхась, з якім мы накіраваліся ў горад Зэльва, дзе мусілі адбыцца першыя сустрэчы з выбарцамі.
Па дарозе размаўлялі пра машыны, розныя цікавыя паездкі. Спадар Міхась распавядаў, як вазіў Мілінкевіча ў 2006 годзе, як яго затрымоўвалі з апаратурай для плошчы. Кажа, міліцыя тады сама разумела, што няправільна робіць. У Мілінкевіча прасілі прабачэння: маўляў, Аляксандр Уладзіміравіч, прабачце, але ў нас загад вас пратрымаць тут да восьмай.
Рыгор Кастусёў, які апошнія суткі амаль не спаў, пачытаў некалькі артыкулаў на ноўтбуку, ды заснуў у дарозе, таму нашыя размовы ўжо не падтрымліваў.
У Зэльву мы прыехалі на аўтавакзал, дзе сустрэлі мясцовых сяброў каманды Кастусёва, з якімі ўжо пайшлі на кірмаш раздаваць улёткі. Рыгор Кастусёў сам абыйшоў усіх гандляроў. Людзі сустракалі добра, многія паставіліся прыязна да таго, што кандыдат да іх асабіста завітаў.
Пасля выступу на тэлебачанні Кастусёва сталі пазнаваць на вуліцах, за дзень да кандыдата падыходзілі шмат разоў: у сталоўцы, у краме, проста на вуліцы. Некаторыя адразу пазнавалі, некаторыя пыталіся: "Ці вы кандыдат?". Многія прасілі сфатаграфавацца.
"Была сустрэча з амбасадарамі ЕС. Пакуль я па горадзе прайшоў, моладзь сустрэў. "А ці можна сфатаграфавацца?". Кажу: "Хлопчыкі, толькі давайце хутчэй: спазняюся". Далей іду — зноў: "А ці можна сфатаграфавацца?". На заўтрашні дзень мы ў Дрыбінскім раёне. Зайшлі ў райвыканкам — там людзі пазнаюць. На запраўку заехалі, там запраўшчыца кажа: "О, дык я вас бачыла па тэлевізары". Сёння з Алесем заходзім у кафэ ля вакзала, афіцыянтка пазнала, пачала усміхацца і заўсёды каля нас была, старалася, каб паказаць свае прыязныя адносіны да нас".
Падтрымалі Кастусёва і "рэальныя пацаны", якіх мы сустрэлі ў Ваўкавыску. Кажуць, Кастусёў самы "чоткі" кандыдат.
Пацаны"Рыгор, я бачыў вас па тэлебачанні. Чотка гаварылі. Я за вас буду галасаваць і ўсіх сваіх арганізую.
Калі станеце прэзідэнтам, каб лядовы палац у нас тут стаяў — а то нам ужо тры гады абяцаюць. Саша ўсё гаворыць і гаворыць".
Спадарыня з Ташкента гандлюе на рынку сухафруктамі. Яна разам з сынам прыехала ў Беларусь рабіць сыну аперацыю, а потым вырашылі застацца.
Рыгор Кастусёў"Вас тут не обижают? Нет? Если будут обижать — обращайтесь: будем вам помогать". 
З імі спадар Рыгор размаўляў па-руску, што я асабіста пачуў упершыню. Ён пакінуў візітоўку і мы накіраваліся ў райвыканкам. Там зайшлі ў рэдакцыю мясцовай газеты, у камісіі пакінулі улёткі і паехалі ускладаць кветкі да помніка Ларысы Геніюш.
Сустрэлі на кірмашу мы і старшыню раённай камісіі, які выйшаў на абед. Сяргей Паўлавіч падышоў, сказаў, што нельга тут праводзіць пікет. Але Кастусёў патлумачыў, што гэта не сустрэча з выбаршчыкамі, а агітацыя, яе можна праводзіць.
Старшыня"Я быў на Ўсенародным сходзе і чуў, як прэзідэнт сказаў, што Кастусёў — самы шчыры кандыдат".
Рыгор Кастусёў"Правільна сказаў. Вы вельмі прыемны чалавек, але гэта не права выбарчай камісіі — адсочваць ход агітацыйнай кампаніі".
 

У Ваўкавыску найперш зайшлі да старшыні райвыканкама, якая пазычыла Кастусёўву ўдачы.
Старшыня"Я вам жадаю поспехаў, каб вы годна і прыгожа прыйшлі да фініша".
У Ваўкавыску сустрэлі сваяка нашага кіроўцы, які завёў усіх у сталоўку "Мастадрэў". Кастусёў узяў суп, рыс з падліўкай, шніцэль і гарбату  агулам каля 3 тысяч рублёў.
У сталовай Кастусёва пазнаў мясцовы настаўнік, задаў пытанні, паразмаўлялі. Рыгор Андрэевіч запрасіў яго на сустрэчу ў кінатэатр.
Кінатэатр у Мастах — вялікі, халодны, з драўлянымі крэсламі, пра камфорт і гаворкі не ідзе. Касір кажа, што людзі не хочуць хадзіць у кіно, патрэбны рамонт.
На сустрэчу людзей прыйшло вельмі мала, але ўсе даволі актыўна задавалі цікавыя пытанні. Еўрарадыё спытала ў аднаго з мужчын, як ён даведаўся пра сустрэчу, — аказалася, што ўсе абвесткі, што паклеілі па горадзе, не правіселі нават дня.
"Учора сын сказаў, на краме вісела аб'ява. Але сёння ўжо пазрывалі: няма ніводнай. Пайду галасаваць 19-га, пакуль яшчэ не вырашыў, за каго, але вось гэтага паслухаў — можа, за яго. Па тэлевізары мала выступаў. Не было роўных умоваў. А то выступілі — а зараз не паказваюць. Вось чалавек прыехаў, хоць у жывую пабачыў яго. Ну, і Раманчук ёсць кандыдат. Ён з маёй дачкой дзесьці там знаёмы, дык яна мяне за яго агітуе. Але ж я за БНФ як за самую незалежную арганізацыю".

Пасля завяршэння спаткання сябра БНФ Алесь Каліта сказаў, што гэтая сустрэча яму больш  спадабалася. У адрозненні ад Шчучына, дзе ўчора было шмат людзей, тут людзі добрыя пытанні задавалі — а там было чацвёра вертыкальшчыкаў, якія проста завалілі кандыдата злымі рэплікамі.

Еўрарадыё: Я стаміўся за вамі бегаць. Так кожны дзень ці вы для мяне так зладзілі? 

Рыгор
 Кастусёў: "Сёння ў два разы лягчэй. Учора былі два пікеты ў Хоцімску і Клімавічах, а потым  сустрэча ў Касцюковічах. І пікет у Клімавічах пераўтварыўся ў мітынг: там вялікая маса людзей прыйшла. Учорашняя нагрузка была большая. А для нас гэта не цяжка, мы спраўляемся".
Пасля Мастоў мы накіраваліся ў Бярозаўку, дзе Кастусёў застаўся да раніцы, каб правесці сход і далей накіравацца ў Гародню, дзе ў яго разам з Мілінкевічам чарговая сустрэча. А мы выправіліся ў Мінск, дзе былі ўжо а 11 ночы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі