У Гомельскай вобласці “адкатаць” пальчыкі адмовіліся каля 3 тысяч чалавек

Па словах генеральнага пракурора, абавязковую дактыласкапію
прайшлі ўжо больш за 2 мільёны беларусаў. Напрыклад, толькі ў Магілёўскай
вобласці пальчыкі “адкаталі” ў 500 тысяч чалавек.

"Гэта ваеннаабавязаныя, раней асуджаныя, плюс
дзяржаўныя служачыя, якія павінны праходзіць дактыласкапію: міліцыя, МНС.
Набіраецца каля паўмільёна
", — распавялі Еўрарадыё ў магілёўскай міліцыі.

Паводле новага закона, дактыласкапію праходзяць усе
ваеннаабавязаныя — тыя, хто стаіць на уліку ў ваенкамаце. Гэта датычыцца і
мужчын, і жанчын. У Гомельскай вобласці прайшлі працэдуру 421 тысяча чалавек з верасня 2008 года. Праўда, многія людзі адмаўляюцца здаваць адбіткі пальцаў. У
Гомельскай вобласці такіх набралося каля 3 тысяч чалавек. Іх будуць прыцягваць
па артыкуле аб невыкананні законнага патрабавання супрацоўнікаў міліцыі.

"Канкрэтна адказнасці за адмову ад дактыласкапіі няма.
Але ў суды зараз накіроўваюцца адміністратыўныя пратаколы за невыкананне
законных патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі. Калі вы адмаўляецеся, дык вы не
выконваеце закон. Таму што гэта не проста так міліцыянт хоча, гэта згодна з
законам. І калі суды праходзяць, а яны праходзяць, дык гэта 700 тысяч
штраф"
, — распавялі ў прэс-службе гомельскай міліцыі.

Юрыст Гары Паганяйла кажа, што, на думку праваабаронцаў,
чалавек сапраўды абавязаны з'явіцца ў міліцыю, калі атрымаў позву. Але адбіткі
пальцаў здаваць мае права адмовіцца.

"Мы лічым, што міліцыя неправамерна афармляе матэрыялы
ў суды па адміністратыўных справах аб непадпарадкаванні, калі чалавек з'явіўся,
але не здае адбіткі пальцаў. Ён можа адмовіцца ад гэтага, матывуючы тым, што ў
самім законе не прапісаныя гаранты захавання базы дадзеных, якія адносяцца да
асабістага жыцця грамадзян. А гэта гарантуецца законам".

Папросту, ніхто не гарантуе тое, што адбіткі не стануць
даступныя нейкім трэцім асобам, ці базу не “зліюць” у інтэрнэт. З іншага боку,
у самім законе не прапісаная адказнасць за ўхіленне ад дактыласкапіі. Калі б
яна была прапісаная — супрацоўнікі міліцыі мелі б рацыю.

Але некаторыя міліцыянты ідуць на хітрыкі. Напрыклад, у
Магілёве прапануюць прыйсці і падпісаць фармальную паперу, што вы не хочаце
здаваць адбіткі пальцаў. А потым выкарыстоўваюць яе ў судзе.

"Калі грамадзяне будуць накіроўваць такія дакументы,
гэта будзе доказам таго, што грамадзянін адмаўляецца ад выканання тых
абавязкаў, якія яму прапануе рабіць міліцыя,
- гаворыць Паганяйла. Тут яны паступаюць вельмі хітра.
Атрымаўшы такі дакумент, яны аформяць адміністратыўныя матэрыялы, накіруюць у
суд, а суд прыцягне да адказнасці".

У іншым выпадку, доказам у судзе можа быць падпісаная вамі
позва, па якой вы не з'явіліся. Але ў такім выпадку яе павінны ўручыць пад
подпіс або праз кіраўніцтва на месцы працы ці навучання. У іншым выпадку
доказаў ухілення ад дактыласкапіі не будзе.

Як паведамілі Еўрарадыё ў МУС, за 2010 год амаль 11 тысяч
адбіткаў пальцаў, знойдзеных на месцах злачынства, супалі з базай. З іх 3
тысячы 772 — гэта старыя злачынствы. З большага гэта крадзяжы, а таксама — 89
забойстваў і 51 гвалтаванне, з іх 16 "глухароў" і 6 нераскрытых раней
гвалтаванняў.

У МУС адзначаюць, што само супадзенне адбіткаў пальцаў не
даказвае віны падазраванага.

"З любога месца злачынства “здымаюцца” адбіткі пальцаў,
якія заносяцца ў адзіную базу дадзеных, —
тлумачаць у гродзенскай міліцыі.
Калі ідзе супадзенне, дык эфектыўнасць раскрыцця злачынства
павялічваецца".

Так, з 11 тысяч супадзенняў было раскрыта 2325 злачынстваў,
у тым ліку — 13 забойстваў, 12 гвалтаванняў і 26 рабаванняў. Таксама дзякуючы
дактыласкапіі атрымалася ідэнтыфікаваць 584 неапазнаных трупаў.