У Беларусі з’явіўся яшчэ адзін… прэзідэнт!

“Яны рознай ёмістасці ад 0,35 літра да 0,7. І рознай вытрымкі 3 і 5 гадоў”, — расказваюць Еўрарадыё ў кампаніі “Беларусьгандаль” пра новую прадукцыю.

120713 Pilecki konjak.mp3

Гэтай фірме належыць 31% акцый новастворанага прадпрыемства “Армянскі стандарт”, якое займаецца вытворчасцю армянскага канька “Араспел” у Беларусі, паведамляе газета “Беларусь Сегодня”. Яшчэ 69% у Ерэванскага каньячна-вінна-гарэлачнага камбіната. Адтуль у Мінск прывозяць сыравіну.

Выпускаюць на новым прадпрыемстве і каньяк “Прэзідэнт”, паведамляе тэлеканал ОНТ. І паказаў пляшкі побач з кіраўніком Беларусі, які 10 ліпеня ўрачыста запускае вытворчасць. Праўда, пакаштаваць каньяк “Прэзідэнт” пакуль немагчыма — у “Беларусьгандлі” гавораць, што ў продажы яго няма.

“Пакуль не. “Прэзідэнт” 15-гадовай вытрымкі. Гэта такі самы каньяк, толькі 15-гадовай вытрымкі”.

Такі вось “Прэзідэнт” з 15-гадовай вытрымкай. Бывае і больш… У кампаніі “Армянскі стандарт” Еўрарадыё пацвердзілі, што яго ў Беларусі не разліваюць. Прывезлі толькі абмежаваную партыю для розных урачыстасцяў. Назву для каньяка прапанавалі тыя, хто партыю замаўляў. Дадалі, што гэта выключна беларуская ідэя — нават у Арменіі такога няма.

Пытаем, дзе і калі можна будзе набыць беларуска-армянскі напой. Аказваецца, што яго ўжо прадаюць у сталічных крамах.

На цэнніках краіна паходжання пазначана лаканічна — РБ. Кошты ў два разы ніжэйшыя, чым за аналагічныя напоі ў Маскве. Больш вядомыя гатункі армянскага каньяку ў Мінску каштуюць таксама ў два разы даражэй. А французскі — у 6-7 разоў.

Супрацоўніцы крамы расказваюць, што гандлююць беларуска-армянскім каньяком ужо два тыдні і прадалі дастаткова.

Дзяржаўныя СМІ выпусцілі ў эфір шмат рэпартажаў з урачыстага адкрыцця каньячнай вытворчасці, паказваючы ў прайм-тайм роўныя шэрагі з пляшкамі “Араспелу”. Сумнеўная ідэя, калі зыходзіць з беларускага заканадаўства. Артыкул 17 Закона “Аб рэкламе” забараняе рэкламаваць моцны алкаголь на радыё і тэлебачанні. Нельга таксама ўнушаць, што “спажыванне алкагольных напояў садзейнічае дасягненню поспеху або паляпшае фізічны і псіхічны стан чалавека”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі