Ці атрымаюць беларускія спецслужбы доступ да skype?

Каб даведацца пароль ад скайпа беларуса ― проста запытайцеся ў яго!

Сайт securitylab.ru паведамляе, што карпарацыя Майкрасофт змяніла палітыку канфідэнцыйнасці і будзе перадаваць размовы, асабістыя дадзеныя карыстальніка skype ў адказ на запыты судоў і праваахоўнікаў.

"Імгненныя паведамленні будуць захоўвацца на працягу 30 дзён, калі таго не запатрабуюць прадстаўнікі органаў", – піша выданне.

"На афіцыйным сайце Майкрасофт і skype такой інфармацыі не прадстаўлена", – адказваюць Еўрарадыё ў кіеўскім офісе кампаніі.

У Мінску таксама ёсць прадстаўніцтва Майкрасофт, але яно выконвае толькі прадстаўнічыя функцыі, таму адказаць на пытанні менеджары не змаглі. Еўрарадыё даслала ліст, які паабяцалі перанакіраваць кіраўніцтву.

З іншага боку, гэта добрая навіна, бо з гэтай жа прычыны беларускае прадстаўніцтва кампаніі можа не адказваць на запыт спецслужб, бо "не мае такіх паўнамоцтваў". А галоўны офіс кампаніі сам вырашае даваць адказ ці не. Бо знаходзіцца па-за межамі Беларусі.

Заснавальнік парталу TUT.BY Юрый Зісер мяркуе, што Майкрасофт не будзе ні з кім сварыцца. Але галоўны офіс амерыканскай кампаніі дакладна не будзе адказваць на такія запыты.

"Паміж РБ і ЗША не існуе дамовы аб узаемнай прававой дапамозе. Такія запыты проста не выконваюцца. А вось амерыканцы і раней маглі праслухоўваць skype. Ніхто не зможа праслухоўваць агульна skype. Для гэтага ўсё роўна патрэбны будзе запыт".

То бок праслухоўваць будуць не ўсіх, а толькі тых на каго прыйдзе адпаведны запыт. Сам Зісер карыстаецца skype спакойна, “бо няма чаго хаваць”.

Але на судзе па 19 снежня ў матэрыялах крымінальнай справы была skype-перапіска сяброў кампаніі “Гавары праўду”.

"Гэта быў не ўзлом, – кажа адзін з абвінавачаных Сяргей Вазняк. – Нехта з нашых калег быў неасцярожным, захоўваў гісторыю на кампутары. Тады гэта не было непасрэдна несанкцыянаванае падключэнне да размовы".

У справе Вазняка нічога са skype не было, хаця спецслужбы капалі інфармацыю грунтоўна. Таму skype ён давярае.

"Але я выконваў усе неабходныя меры засцярогі", – дадае Вазняк.

Дырэктар кампаніі "НПТ", якая займаецца інтэрнэт-бяспекай, Аляксандр Бараноўскі, кажа, што магчымасць праслухоўваць skype была заўсёды.

"Насамрэч, ніякай складанасці з перахопам skype няма. Калі вы карыстаецеся ім у арганізацыі, на заводзе, на фірме і гэтак далей, гэта можна лёгка перахапіць: голас, тэкст і адпраўленыя файлы".

Сама ж кампанія skype наўрад ці можа масава праслухоўваць сваіх карыстальнікаў, бо інфармацыя шыфруецца. Але зняць інфу можна непасрэдна з кампутара карыстальніка да моманту шыфравання.

"Шыфраванне ідзе ў момант адпраўкі з вашага кампутара. Далей яно ідзе ў зашыфраваным выглядзе. Той жа skype не можа іх расшыфраваць і адправіць, – мяркуе Бараноўскі. – Адзінае, што спецслужбы могуць самі здымаць інфу, да моманту шыфравання. Зараз тэхналогіі гэта дазваляюць, у тым ліку і тое рашэнне, якое мы прапануем на беларускім рынку. Я ў практыцы не сустракаў, каб skype даваў некаму інфармацыю пра перапіску карыстальнікаў".

Пакуль афіцыйнага адказу няма і невядома, ці былі нейкія запыты наконт skype з боку беларускіх спецслужб, невядома і ці праўда, што кампанія можа выдаць такую інфармацыю. Еўрарадыё пачытала дамову, з якой кожны з нас пагаджаецца, калі ўсталёўвае праграму. І там у пункце 3 сапраўды прапісана такая магчымасць:

"Skype обязуется без вашего прямого согласия не продавать, не предоставлять в пользование, не обменивать и никаким иным образом не передавать за пределы корпорации Microsoft и управляемых ею дочерних предприятий и аффилированных лиц ваши личные данные и/или данные о вашем трафике или содержании разговоров, если только этого не требует действующее законодательство или распоряжение компетентных органов".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі