Трох фігурантаў справы МММ выпусцілі пад заклад

Як даведалася Еўрарадыё, пад заклад вызваленыя фігуранты справы МММ Уладзімір Сіткоўскі, Дзмітрый Несцярчук і Сяргей Цвячкоўскі. Яшчэ двое ўдзельнікаў фінансавай піраміды Аляксей Саладун і Андрэй Палякоў па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай.

"Паўтара тыдня таму, амаль ужо два, адпусцілі. Я сядзеў, мне было ўжо ўсё роўна, з'явілася апатыя. Гэта было роўна паўгода, як затрымалі, прыйшлі і сказалі, што ёсць магчымасць выйсці пад заклад", — кажа адзін з вызваленых і дадае, што ім вярнулі пашпарты, але забаранілі выязджаць за межы краіны.

Нагадаем, офіс МММ у Мінску ўзяў штурмам КДБ 16 сакавіка 2012 года. Ад гэтага моманту некаторыя ўдзельнікі піраміды знаходзіліся ў СІЗА. З затрыманымі праводзілася не шмат следчых дзеянняў. Допыты былі ў самым пачатку, пасля арышту, і адзін летам. Сустрэчаў з адвакатам таксама было не шмат.

"За ўвесь час бачыў адваката разы 3-4, ды і ўвогуле не шмат чаго адбывалася. Апошнім часам проста падпісвалі дакументы. Да працы следчых ніякіх скаргаў няма. Усё па справе пыталіся, ніякіх асабістых выказванняў не было. Каб з прыжмураным вокам казалі, што "вы жулік і я вас засаджу" — такога не было".

 
Следства па справе працягнутае да канца года. Абвінавачанне не змянілася. Гэта па-ранейшаму незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць у арганізаванай групе, за што прадугледжана пакаранне ад 2 да 7 гадоў з канфіскацыяй ці без. 

Наколькі вядома самім абвінавачаным, скаргаў ад беларускіх укладчыкаў на іх не было. Такіх наступстваў ад сваёй дзейнасці не чакалі: маўляў, рэзананс, які выклікала справа, сыграў з імі злы жарт.

"Маскі-шоў" ніхто не чакаў. Думалі, што, калі пачнуцца нейкія праблемы, прыйдуць, пагрозяць пальцам, скажуць: "Хлопцы, у нас так нельга". Пакажуць вытрымку з закона і скажуць: "Закругляйцеся, інакш будзе кепска". Тут вырашылі зрабіць па-іншаму, вырашылі зрабіць паказальным".

Да пэўнага часу ў Камітэце дзяржкантролю Еўрарадыё казалі, што пакуль не заўважылі парушэнняў у МММ, бо не было скаргаў з боку ўкладчыкаў. І на дзейнасць піраміды ў Беларусі ўлады не звярталі ўвагі.