Symphonic Drive Orchestra святкуе 10-годдзе

“Цікавая сцэнічная драматургія для нас – гэта калі прадстаўленыя самыя цікавыя аркестравыя жанравыя адгалінаванні: джаз, лаціна, свінг, сальса, якасны поп. Нейкай такой звычайнай юбілейнай “салянкі” не будзе. Героем №1 – будзе, вядома, аркестр. Да нашага святкавання далучыцца гурт LITESOUND, вельмі цікавы гурт JINGLE BAND, Уладзімір Федарук, Анна Благава, Аляксандра Захарык ды шмат іншых. Вядома, мы рыхтуем новы блок песень, але гэта будзе сюрпрыз, я пра яго пакуль не магу распавесці”, – смяецца кіраўнік Symphonic Drive Orchestra Аляксандр Ліпніцкі.


Кропкай адліку сваёй "канцэртнай гісторыі" Symphonic Drive Orchestra лічаць 15 траўня 2002 года. Менавіта тады Аляксандр Ліпніцкі, музыкант неверагоднай энергіі і рознабаковага таленту, сабраў свой першы калектыў ў сценах Мінскага музвучылішча і з'явіўся перад публікай у ролі кіраўніка створанага ім джаз-аркестра.


Святочнай праграмай да свайго 10-годдзя Symphonic Drive Orchestra абяцаюць данесці на вяршыню музычнага экстазу. У праграме выступу – лепшыя творы, сыграныя аркестрам за ўсе часы, плюс, вядома, новы блок твораў. Перад пачаткам канцэрта і ў антракце гледачы змогуць паглядзець адмысловую выставу джазавых партрэтаў з уласнай калекцыі Аляксандра Ліпніцкага, якая, між іншым, налічвае больш за 150 экземпляраў!


Тыя, хто ўсё ж не трапяць на імпрэзу, змогуць адчуць увесь драйв і энергію юбілею Simphonic Drive Orchestra на адмысловым відэа з канцэрта – музыкі запішуць святочны выступ на DVD.


Каб юбілей атрымаўся сапраўдным Simphonic  Drive Orchestra рыхтуецца адказна! Але і вы не забудзьцеся, што Дзень нараджэння – свята, на якое заведзена прыходзіць з падарункамі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі